БЕЛ Ł РУС

Грузін прыехаў у Мінск на сустрэчу з жанчынай і памёр

19.01.2026 / 23:04

Nashaniva.com

Грамадзянін Грузіі прыехаў у Мінск, каб сустрэцца з жанчынай, з якой доўгі час камунікаваў у інтэрнэце, аднак гэтая сустрэча скончылася трагедыяй, расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Падзея адбылася напрыканцы снежня. У адной з мінскіх кватэр было знойдзена цела мужчыны 1958 года нараджэння. Як высветлілася, напярэдадні ён прыбыў у сталіцу Беларусі дзеля асабістай сустрэчы з інтэрнэт-знаёмай.

Падчас знаходжання ў кватэры мужчыне раптоўна стала дрэнна. Брыгада хуткай дапамогі, якая прыбыла на выклік, ужо не змагла яму дапамагчы і толькі зафіксавала смерць.

Для высвятлення абставін здарэння была праведзена судова-медыцынская экспертыза. Яна паказала, што прычынай смерці сталі цяжкія захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы — атэрасклероз аорты з утварэннем анеўрызмы брушнога аддзела на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі. Хвароба ўскладнілася разрывам сценкі аорты, унутраным крывацёкам і значнай стратай крыві.

Эксперты адзначылі, што такія захворванні часта працякаюць без відавочных сімптомаў і могуць прывесці да імгненнай смерці, у тым ліку пад уздзеяннем моцных эмоцый або стрэсу.

Чытайце таксама:

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

У Грузіі затрымалі двух беларусаў з наркотыкамі на мільён даляраў

«Дэпрэсія ў калоніі — з’ява страшная». Фядута расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які за кратамі скончыў жыццё самагубствам

Каментары да артыкула