«Дэпрэсія ў калоніі — з’ява страшная». Фядута расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які за кратамі скончыў жыццё самагубствам
3 верасня 2025 года ў магілёўскай калоніі №15 быў знойдзены мёртвым палітвязень Андрэй Паднябенны. Ён павесіўся. Былы палітвязень Аляксандр Фядута быў у той жа самай калоніі, асабіста ведаў Андрэя і на сваёй старонцы ў фэйсбуку падзяліўся ўспамінамі пра яго.

У нашай калоніі скончыў жыццё самагубствам «бэчар». «Бэчарамі» [ад бел-чырвона-белага сцяга] называлі ўсіх «палітычных» тыя асуджаныя, якія імкнуліся падкрэсліць, што не падзяляюць нашых поглядаў. […]
Я яго ведаў, як мне здавалася. Звалі яго Андрэй Паднябенны. Ён быў грамадзянінам Расіі, а адбываў тэрмін адразу па цэлым «букеце» артыкулаў: тут і 369 (абраза прадстаўніка ўлады), і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), акт тэрарызму, распальванне нацыянальнай варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім і г. д., і да т. п.
Ні на тэрарыста, ні на распальвальніка варожасці Андрэй падобны не быў. Высокі, спакойны, інтэлігентны, відаць, шмат чытаў і яшчэ больш думаў. Яму было трыццаць сем гадоў. Сімвалічны ўзрост.
Нашы атрады знаходзіліся па суседстве — шосты, мой, і васямнаццаты — Андрэя. Мы часта размаўлялі. Пераважна пра нейкія палітыка-эканамічныя праблемы, у якіх ён разбіраўся значна лепш за мяне. Але заканчвалася ўсё аднолькава. Андрэй пытаўся ў мяне:
— Іосіфавіч, як Вы думаеце, калі гэта скончыцца?
І пра што б ні ішла гаворка — пра расійска-ўкраінскую вайну ці пра тэрміны нашай адседкі, — я казаў прыкладна адно і тое ж:
— Не ведаю, Андрэй. Не ведаю.
Я казаў праўду. Я сапраўды нічога не ведаў.
І Андрэй, высокі, худы, паварочваўся і сыходзіў.
У яго на волі засталіся двое, здаецца, дзяцей. І ён не «грэўся» (як і ўсім асуджаным па тэрарыстычных артыкулах, яму былі забароненыя грашовыя пераводы).
Андрэя не вадзілі на «промку» — у вытворчую зону. Ён падмятаў двор. Мы з ім былі калегамі: я лічыўся прыбіральшчыкам у цэху.
А потым мяне забралі ў рэспубліканскую бальніцу для асуджаных. Дактары калоніі вырашылі правесці маё поўнае абследаванне.
Праз два з паловай тыдні я вярнуўся. І яшчэ праз некалькі дзён быў уражаны чуткамі, што пракаціліся па ўсёй калоніі: у штрафным ізалятары скончыў жыццё самагубствам «бэчар».
Любое самагубства, і нават спроба самагубства, — для адміністрацыі рэч непрыемная. Прыязджаюць пракуроры, следчыя, трэба запаўняць паперкі. Тут яшчэ і праблема ў тым, што гаворка ідзе пра «бэчара» — значыць, справа ўсё адно атрымае агалоску. І, нарэшце, здарылася гэта практычна пасля першага «траншу» вызваленых «імя Дональда Фёдаравіча Трампа». То-бок у той момант, калі амаль ва ўсіх палітвязняў з’явілася хоць нейкая надзея.
Мы ніколі не даведаемся, што адбылося насамрэч. Што падштурхнула Андрэя да кроку, які мог быць прадыктаваны толькі поўным адчаем.
Казалі, што нібыта ён паспеў атрымаць нейкі ліст з дому. Але што магло здарыцца, каб малады мужчына, які захоўваў спакой пасля абвяшчэння прысуду аб шаснаццаці з лішнім гадах зняволення, раптам упаў у такую дэпрэсію, што вырашыў накласці на сябе рукі?
Дэпрэсія ў калоніі — з’ява страшная. У маім атрадзе мужчына, які на працягу аднаго месяца страціў жонку і маці, спрабаваў перарэзаць сабе горла, і толькі няведанне ўласнай анатоміі не дало яму памерці. Але там — дзве такія жахлівыя страты і двое непаўналетніх дзяцей, якіх аддалі ў дзіцячы дом. А з Андрэем — што?
Не ведаю.
Ведаю толькі, што гэта не выхад.
Вячаслаў Лазараў, які выйшаў з магілёўскай калоніі, трохі расказаў пра Паднябеннага, які загінуў «ад удушша»
«У ШІЗА гэта практычна немагчыма». Што былыя вязні думаюць пра версію аб самагубстве Андрэя Паднябеннага
Палітвязень Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі
«Паднябеннага збіваў былы начальнік калоніі». Вось што расказваюць пра палітвязня, які загінуў за кратамі ў 36 гадоў
Стала вядомай прычына смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага
Ціханоўская пра смерць у калоніі Андрэя Паднябеннага: Няма прабачэння тым, хто датычны да гэтага злачынства
Каментары