БЕЛ Ł РУС

Зборная Сенегала стала чэмпіёнам Афрыкі па футболе, перамогшы ў скандальным фінале

19.01.2026 / 23:31

Nashaniva.com

Зборная Сенегала ў скандальным фінале перамагла зборную Марока і стала чэмпіёнам Афрыкі па футболе. Фінальны матч Кубка афрыканскіх нацый прайшоў у мараканскім Рабаце. У дадатковы час сенегальцы здолелі абыграць гаспадароў турніру з лікам 1:0, адзіны гол на 94‑й хвіліне забіў Пап Гее.

Фота: AP Photo/Misper Apawu

Асноўны час сустрэчы завяршыўся гучным скандалам. На восьмай дададзенай хвіліне арбітр прызначыў пенальці ў вароты Сенегала, пасля чаго галоўны трэнер каманды, не згодны з гэтым рашэннем, распарадзіўся вывесці футбалістаў з поля. Гэта выклікала беспарадкі на трыбунах: частка сенегальскіх заўзятараў выбегла да поля і ўступіла ў сутычкі з аховай.

Сітуацыю ўдалося супакоіць дзякуючы лідару зборнай Сенегала Садыё Манэ, які ўгаварыў каманду вярнуцца ў гульню. Аднак мараканец Браім Дыяс, які выступае за мадрыдскі «Рэал», пасля таго не змог рэалізаваць той самы злашчасны пенальці, паспрабаваўшы прабіць у стылі «паненка». Сенегальцы ж пасля свой шанец выкарысталі.

Для Сенегала гэта ўжо другая перамога ў гісторыі Кубка афрыканскіх нацый — раней каманда брала тытул у 2021 годзе. Марока ж, нягледзячы на хатні стадыён, другі раз у сваёй гісторыі саступіла ў фінале.

Прэзідэнт Сенегала Басіру Дыямай Фай абвясціў 19 студзеня аплатным выхадным днём па ўсёй краіне ў гонар чэмпіёнства.

Найлепшы гулец турніру Садыё Манэ пасля фіналу паведаміў, што плануе завяршыць кар’еру ў нацыянальнай зборнай. 33‑гадовы форвард правёў за каманду Сенегала 124 матчы і забіў 52 галы. На клубным узроўні ён найбольш вядомы па выступленнях за англійскі «Ліверпуль», дзе ў 269 матчах забіў 120 мячоў. Цяпер Манэ выступае за саудаўскі «Аль-Наср».

У той жа час Федэрацыя футбола Марока звернецца ў ФІФА і Афрыканскую канфедэрацыю футбола з-за сыходу зборнай Сенегала з поля ў фінале, лічачы, што гэты эпізод істотна паўплываў на ход матча і яго вынік.

Чытайце таксама:

Былы расійскі легіянер «Іслачы» загінуў, выпаўшы з акна

Зборная Беларусі па футболе згуляе з Кіпрам

ФІФА дамовілася пра партнёрства з тыктокам падчас ЧС-2026

18‑гадовы беларускі футбаліст перайшоў у склад лідара чэмпіянату Польшчы

Каментары да артыкула