Пекін выдзеліць Мінску дапамогу ў 300 мільёнаў юаняў
Кітай выдзеліць Беларусі тэхніка-эканамічную дапамогу сумай 300 мільёнаў юаняў. Гэта прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў сферы развіцця, якое было падпісана ў Мінску 9 снежня 2025 года, а цяпер апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Гэтыя сродкі плануецца накіраваць на рэалізацыю праектаў, узгодненых паміж бакамі. У дакуменце падкрэсліваецца, што гаворка ідзе ў тым ліку пра невялікія сацыяльна арыентаваныя праекты з абмежаваным фінансаваннем і кароткімі тэрмінамі выканання. Канкрэтныя напрамкі выкарыстання грошай будуць вызначацца ў асобных дадатковых дамовах.
Для ажыццяўлення фінансавання «Беларусбанк» і Дзяржаўны банк развіцця Кітая адкрыюць адзін для аднаго рахункі ў юанях без працэнтаў і камісій.
Адзначаецца, што гэта не першы выпадак, калі Пекін аказвае такую дапамогу Мінску. Аналагічнае пагадненне на такую ж суму было заключана ў жніўні 2024 года. Тады сродкі выкарыстоўваліся на развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і будаўніцтва жыллёвага комплексу ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Паводле актуальнага курсу, 300 мільёнаў кітайскіх юаняў эквівалентныя прыкладна 43 мільёнам даляраў ЗША.
Чытайце таксама:
Беларусь хоча ўзяць крэдыт у Кітая на куплю медыцынскага абсталявання
Будучыня наступіла: Кітай плануе развіваць лятаючы беспілотны транспарт
Па стратным курсе, нават калі пашанцуе. Дзе ў Мінску можна абмяняць экзатычную валюту
Кітайскі конік, які з'явіўся ў выніку браку вытворчасці, стаў вірусным хітом сезона