У Латвіі падчас выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе будуць уключаць рэкламу
Тэлеканалы латвійскага медыяхолдынгу TV3 Group не будуць паведамляць сваім гледачам пра ўдзел у Зімовых Алімпійскіх гульнях спартсменаў з Расіі і Беларусі, якія выступаюць у нейтральным статусе. Пра гэта агенцтву LETA паведаміў дырэктар спартыўных праграм платформы Go3 Томс Цырцэніс.
Медалі зімовай Алімпіяды-2026. Фота: Emmanuele Ciancaglini/Getty Images
Томс Цырцэніс растлумачыў, што гэта свядомая рэдакцыйная пазіцыя: з першых дзён вайны медыяхолдынг адкрыта выступае супраць расійскай агрэсіі і лічыць няправільным акцэнтаваць увагу на выступленнях нейтральных спартсменаў з краін-агрэсараў. Паводле яго слоў, такая пазіцыя з’яўляецца сумленнай у дачыненні да аўдыторыі.
Падчас нядаўняга чэмпіянату Еўропы па санным спорце канал TV6 у моманты выступлення расійскіх спартсменаў паказваў рэкламу. Цырцэніс адзначыў, што першапачаткова нават разглядалася магчымасць не трансляваць гэтыя спаборніцтвы наогул, аднак гэта было б несправядліва ў дачыненні да латвійскіх саначнікаў, для якіх гэты сезон з’яўляецца алімпійскім і якія вымушаны выступаць разам са спартсменамі з краіны-агрэсара.
Аналагічную практыку медыягрупа плануе прытрымлівацца і падчас зімовых Алімпійскіх гульняў — ва ўсіх навінных блоках і ў розных відах спорту, не толькі ў санным.
У верасні мінулага года Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта прыняў рашэнне дазволіць расійскім і беларускім спартсменам удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў італьянскіх Мілане і Карціна-д’Ампецца пад нейтральным сцягам.
Латвійскі алімпійскі камітэт не падтрымлівае гэта рашэнне, лічачы ўдзел спартсменаў, звязаных з краінамі-агрэсарамі, заўчасным і неадпаведным духу Алімпійскіх гульняў.
Ад Беларусі ў галоўным старце чатырохгоддзя возьмуць удзел пад нейтральным сцягам сем спартсменак: Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава (усе — фрыстайл), Марына Зуева (канькабежны спорт), Вікторыя Сафонава (фігурнае катанне), Ганна Каралёва (лыжныя гонкі) і Марыя Шканава (гарналыжны спорт).
Чытайце таксама:
На Зімовую Алімпіяду ў Італію едзе катастрафічна нізкая колькасць беларускіх спартоўцаў
Беларускія біятланісты не трапяць на Алімпіяду — нават у нейтральным статусе