БЕЛ Ł РУС

Новы трэнд у планіроўцы памяшканняў: санвузлы ўнутры пакояў за рассоўнымі сценамі ці нават без іх

21.01.2026 / 19:25

Ідаля Салавей

Пра новую і даволі спрэчную тэндэнцыю расказала The Wall Street Journal.

Так выглядяае пакой ў Fletcher Hotel (Амстэрдам). Скрын відэа: bring_back_doors / TikTok

Госці, якія выбіраюць гатэлі ў пошуках спакою і камфорту, усё часцей сутыкаюцца з непрыемным сюрпрызам.

Замест асобнай прыбіральні людзі ўсё часцей пападаюць у нумары, дзе душ і ўнітаз аддзеленыя рассоўнымі дзвярыма, матавымі шклянымі панэлямі, а то і проста шторамі альбо перагародкамі.

Галоўная праблема гэтых новаўвядзенняў у тым, што яны не надта ратуюць ад гукаў і пахаў. А ў некаторых выпадках — нават не хаваюць візуальна таго, што адбываецца ўнутры.

Акрамя таго, празрыстыя перагародкі прапускаюць святло: калі адзін чалавек устае рана і ўключае асвятленне ў такім санвузле, ён непазбежна будзіць іншага.

Эканомія вышэй за камфорт

Навошта гатэлі ідуць на такія крокі? Дзеля эканоміі. Сеткі гатэляў сярэдняй цэнавай катэгорыі заўсёды працавалі з невялікай маржай, а пасля пандэміі сітуацыя ўскладнілася: дзелавыя і групавыя паездкі аднавіліся не цалкам, а вось камуналка падскочыла разам з цэнамі на энерганосьбіты як рэакцыя на напад Расіі на Украіну.

З фінансавага гледзішча звычайныя дзверы выглядаюць як крыніца пастаянных выдаткаў: дарагія самі сабой, а клямкі ламаюцца, да шырыні праёмаў патрабаванні паводле нормаў даступнасці, а асвятленне стаў асобнае.

Як піша WSJ, архітэктары спрабавалі розныя варыянты. Рассоўныя дзверы, якія хаваюцца ў сцяну (pocket doors), маюць механізмы, дарагія ў абслугоўванні, фіранкі збіраюць пыл, а папулярныя цяпер рассоўныя дзверы на знешняй накіроўваючай (sliding barn door) ненадзейныя ў плане шчыльнага закрыцця.

Каб ашчадзіць і візуальна павялічыць прастору, некаторыя дызайнеры наогул пераносяць ракавіну і душ непасрэдна ў жылы пакой, а ўнітаз агароджваюць шклом або размяшчаюць у нішы.

Гэтая тэндэнцыя выклікае ў турыстаў бурную рэакцыю. Як адзначае WSJ, у сацыяльных сетках нават з'явіліся жарты пра тое, што такія дзверы «прызначаныя альбо для таго, каб вы адкрылі новыя гарызонты ў вашых адносінах, альбо каб гэтыя адносіны шчасліва скончыліся».

Аднак некаторым зусім не да смеху. Маркетолаг Сэдзі Лоўэл была настолькі шакаваная адсутнасцю нармальных дзвярэй у лонданскім гатэлі, дзе яна спынілася з бацькам, што запусціла кампанію «Вярніце дзверы» (Bring Back Doors). На аснове адказаў на запыты яна стварыла спіс гатэляў, класіфікуючы іх па ўзроўні прыватнасці: ад частковай да нулявой. У яе «чорны спіс» трапілі ўжо больш за 500 гатэляў ва ўсім свеце.

Як адзначае выданне, не ўсе лічаць адсутнасць традыцыйных дзвярэй у санвузел праблемай. Ёсць катэгорыя гасцей, якім усё адно, дзе знаходзіцца ўнітаз, — галоўнае, каб ложак быў зручным. Гэта, прыкладам, тыя, якія падарожнічаюць адныя. Аднак для многіх прыватнасць застаецца базавай патрэбай. Гатэлі, якія ігнаруюць гэта, рызыкуюць страціць кліентаў: людзі проста аддадуць свае грошы тым месцам, дзе санвузел усё яшчэ аддзелены звычайнымі, непразрыстымі дзвярыма.

Чытайце таксама:

Пяць люксавых гатэляў Беларусі, якія знаходзяцца ў невялікіх гарадах. Вы дакладна пра іх не ведалі

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?

Ёсць стол, канфоркі, ванна і ўнітаз — што яшчэ трэба для шчасця за 280 даляраў? Жарт, які стаў рэальнасцю ў Мінску

Каментары да артыкула