Усяго патроху1616

У гэтай краіне грамадскія туалеты славяцца чысцінёй. Але не ведаю, ці вы хацелі б, каб вашых дзяцей так да гэтага прывучалі

Турысты, якія наведваюць Японію, потым доўга згадваюць у тым ліку тамтэйшыя прыбіральні. 

Празрыстая прыбіральня ў Токіа A transparent toilet in Tokyo Прозрачный туалет в Токио
Так выглядае грамадская прыбіральня ў Токіа. Скрын з відэа CBSMornings / YouTube

Тэхналагічнасць японскіх прыбіральняў не раз станавілася прадметам анекдотаў. Кожны, хто пабываў у гэтай краіне, з захапленнем распавядае пра іх чысціню, якая кантрастуе са станам такіх месцаў у Еўропе.

Грамадскія прыбіральні ў японскіх гарадах можна знайсці паўсюль. Яны звычайна пазначаны спецыяльнымі шыльдамі, і яны бясплатныя. Вы можаце імі скарыстацца ў парках, на вуліцах і плошчах, на станцыях метро, у гандлёвых цэнтрах, офісных будынках, храмах. Іх прыбіраннем займаюцца прыватныя кампаніі. Але там мала што прыбіраць: гэтыя памяшканні заўсёды бездакорна выглядаюць і ніколі (у адрозненне ад Еўропы) не бываюць разбітыя ці размаляваныя. Такі ж выгляд маюць прыбіральні ў цягніках.

Як піша Le Monde, клопат аб чысціні і гігіене — частка менталітэту японца. Гэтаму вучаць з самага ранняга дзяцінства. Японскія хлопчыкі і дзяўчаткі ў пачатковай і сярэдняй школах (як у дзяржаўных, так і прыватных) чысцяць школьныя прыбіральні. І гэта (як і мыццё вокнаў, прыборка класа) не лічыцца пакараннем, а разглядаецца як першачарговы ўдзел у абслугоўванні ўстановы. Прыбіранне там уваходзіць у штодзённы расклад заняткаў.

Шмат хто са старэйшага пакалення беларусаў можа прыгадаць, як у савецкай школе дзеці таксама бралі ўдзел у прыбіранні класаў і школы. Але, па-першае, на туалеты гэта не распаўсюджвалася, а па-другое, у савецкай турэмнай сістэме людзей прывучалі да табуявання прыбірання туалетаў.

Як піша BBC, звычка да чысціні ў японцаў здаўна. Першы англічанін — мараход Уіл Адамс, які ступіў на зямлю Японіі ў 1600 годзе, адзначаў, што «прадстаўнікі арыстакратыі былі выключна ахайныя», каналізацыя была ва ўзорным парадку, а ў прыбіральнях курылі араматы, тады як вуліцы англійскіх гарадоў таго часу «часта бывалі заваленыя экскрэментамі».

Чысціня — важная частка старажытнай рэлігіі японцаў, сінтаізму. Адна з галоўных канцэпцый у сінтаізме — кегары (забруджванне, апаганенне), проціпастаўленае чысціні. Каб пазбегнуць кегары, патрэбны частыя рытуалы ачышчэння. Ва ўяўленні японцаў практыкаваць чысціню жыццёва важна, бо гэта дапамагае пазбегнуць бедстваў для ўсяго грамадства.

Чысціня — таксама важнае паняцце ў будызме, які прыйшоў на японскія землі ў VI стагоддзі. А ў дзэн-будызме, які пачаў распаўсюджвацца ў XII—XIII стагоддзях, такія штодзённыя справы, як прыгатаванне ежы і прыбіранне, лічацца духоўнымі практыкаваннямі, роўнымі медытацыі.

У інтэрнэце можна знайсці захапляльныя апісанні грамадскіх прыбіральняў Японіі. Іх аснашчэнне не перастае здзіўляць: сядушка з падагрэвам, бідэ з сушылкай цёплым паветрам, аўтаматычны зліў і ачыстка чашы ўнітаза, сушылкі для рук і абсталяванне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі вы саромеецеся гукаў свайго цела, то можаце націснуць сэнсар, і памяшканне напоўніцца музыкай. У прыбіральнях нават прадугледжаныя крэслы для дзяцей да 3-х гадоў. Пакуль мама спраўляе патрэбу, малыш сядзіць побач пад яе наглядам.

У апошнія гады некаторыя грамадскія прыбіральні набылі новае аблічча і сталі «свяцілішчамі міру і гігіены». Значныя змены адбыліся напярэдадні Алімпійскіх гульняў 2021 года ў Токіа. У той час вядомыя японскія архітэктары адказвалі за пераўтварэнне аблічча гэтых грамадскіх месцаў.

Адной з навінак, якая здзівіла ўсіх, стала прыбіральня ў садзе Ёгі Фукамаці (Yoyogi Fukamachi) — невялікі шкляны будынак з празрыстымі сценамі, якія трацяць празрыстасць, калі закрыць памяшканне знутры.

Празрыстая прыбіральня ў Токіа A transparent toilet in Tokyo Прозрачный туалет в Токио
Празрыстая прыбіральня ў садзе Ёгі Фукамаці ў Токіа. Скрын відэа JapanGo / YouTube

Як адзначаюць аўтары артыкула ў Le Monde, Японія імкнецца прадэманстраваць астатняму свету, што грамадскія прыбіральні могуць стаць месцамі адпачынку ў поўным сэнсе гэтага слова і нават часткаю новага «гарадскога шыку».

У той жа час у свеце, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2023 год, 3,5 мільярда чалавек працягваюць жыць без мінімальных гігіенічных выгод. З такой перспектывы падаецца малаімаверным хуткае распаўсюджанне гэтай часткі японскай культуры, як гэта адбылося з мангай ці сушы. З іншага боку, магчыма, што прыклад Японіі падштурхне багатыя краіны палепшыць свае грамадскія прыбіральні як з пункта гледжання колькасці, так і чысціні.

Чытайце яшчэ:

Краіна ўзыходзячага порна: як японская порнаіндустрыя выходзіць з ценю

Дзякуючы гэтаму вынаходніцтву можна спаць проста ў офісе

Японія можа стаць пятай краінай, якая паспяхова запусціла місію на Месяц

Каментары16

  • Вадзім
    01.01.2024
    прыбіральшчыца, хлапцы робяць гэдак жа. Сам бачыў. Гідзяцца сесьці сваёй попкай. Падкласьці паперу пры гэтым ня хочуць ці ўсё адно гідзяцца.
  • Вадзім
    01.01.2024
    Чысьціня прыбіральняў не ўратавала іх ад вусьцішнага садызму ў другую сусьветную. Людзей, нават дзяцей, то зажыва гнаілі якой хваробай то разьбіралі на запчасткі як дразафіл. Забівалі мільёнамі проста так. З чысьцінёй як з усім іншым - скажы дурню маліцца. Мера важная
  • даведка
    01.01.2024
    Являлся я как-то дежурным по штабу, в котором имелся общий туалет с цивильными унитазами, где не было как таковых закрытых кабинок, а чисто для приличия условное ограждение. В этот момент заходит туда штабная дама в гражданском, окидывает меня с ног до головы своим блудливым взглядом, что я как приличный юноша выхожу, позволяя ей остаться в полном уединении с самой собой. После того, как штабная дама удалилась, на ободке сиденья унитаза остались грязные следы от её обуви, которые позволили мне восстановить в своё воображении всю ту удивительную картину, которую вы описали.)))    

Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі12

Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

Нізкападлогавыя трамваі ў Мінску ўжо працуюць на двух маршрутах5

Навошта Мінску кальцавая лінія метро, і колькі станцый яна будзе налічваць4

Названа прычына пажару ў турэцкім гатэлі, які забраў жыцці 78 чалавек2

Беларусы Канады выйшлі на акцыю супраць чарговага прызначэння Лукашэнкі ФОТА

Кавід, хутчэй за ўсё, мае лабараторнае паходжанне, кажа новы кіраўнік ЦРУ5

У найбліжэйшыя дні можа чакацца рост захворванняў на грып і ВРВІ1

Калумбія за гадзіну капітулявала перад патрабаваннямі Трампа13

Венгрыя заблакавала сумесную заяву ЕС па Беларусі15

«Прагаласаваў, бо на працы пужалі». Беларусы пра тое, як схадзілі на выбары12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі12

Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць