БЕЛ Ł РУС

Польскі трэвэл-блогер, які падарожнічаў па Беларусі і Расіі, расказаў пра хэйт, рэпутацыйныя страты і ўражанні ад паездкі

30.01.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Польскі блогер Томаш Якімюк з Падляшша двойчы падарожнічаў у Беларусь і адзін раз у Расію. Пасля выхаду 25 серый пра гэтыя паездкі блогер сутыкнуўся не толькі з ростам папулярнасці, але і з шквалам негатыву.

Блогер Томаш Якімюк

Не шкадуе, што паехаў у падарожжа на Усход

У інтэрв’ю на канале Studio Rozmów by Hanna блогер кажа, што, калі вырашыў ехаць у Беларусь і Расію, ён усведамляў, што гэта можа выклікаць непаразуменне з улікам таго, які цяпер час.

«Людзі заўжды «ведаюць, як лепш», таму я ўжо перастаў абапірацца на тое, што кажуць людзі. Я хачу паехаць сам і ўбачыць, як там у гэтым месцы, і ацаніць, паказаць людзям, каб яны таксама змаглі зрабіць выснову. Гэта і была мая мэта — паехаць і паказаць, як выглядае звычайнае жыццё ў Беларусі і Расіі», — кажа Томаш.

Фота: скрыншот з відэа

Блогер атрымаў шмат прэтэнзій, што ён паказваў жыццё ў Беларусі і Расіі занадта каляровым, пазбягаючы негатыву. Томаш тлумачыць: ён не ставіў сабе мэту паглыбляцца ў палітыку, бо ён не палітык. Хоць, як ён сам заўважае, падчас падарожжаў усё ж часам закранае палітыку. (І прынамсі ў выпусках з Беларусі адзначаў, напрыклад, што людзям можа быць небяспечна шчыра выказвацца на камеру па некаторых тэмах).

«Я паехаў паглядзець, як жывуць, што ядуць, зайсці ў краму, заночыць у гатэлі. Пагаварыць з людзьмі, паказаць, як ёсць у нестабільны крызісны час», — тлумачыць падарожнік.

Што да размоў са звычайнымі людзьмі, то, на думку падарожніка, адчуваліся такія моманты, калі людзі гаварылі не ўсё, што думаюць. Асабліва калі гаворка ішла пад запіс. А часам і сам блогер не ўстаўляў у відэа каментары беларусаў, асцерагаючыся, што рэзкія словы могуць выклікаць праблемы ў іх.

У Польшчы Томаш пасля гэтых паездак сутыкнуўся з негатывам.

«У інтэрнэце, на тэлебачанні або радыё ёсць канкрэтны праграмны наратыў: ён добра адгукаецца пра Беларусь, а Беларусь — наш вораг, і беларускі ўрад хоча знішчыць Польшчу», — кажа Томаш.

Падарожнік кажа, што пазітыўныя публікацыі ў польскіх СМІ былі.

Што зразумеў пра беларусаў?

«Вядома, мы ведаем, што палітычна не чыста тое, што робіць беларускае кіраўніцтва. Але не трэба перамешваць гэта са звычайнымі жыхарамі Беларусі, яны не за тое, каб сілай пхаць мігрантаў, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы, каб падстракаць.

Беларусы не за канфлікт з палякамі, а наадварот. Але, на жаль, улада ёсць улада, і яны не маюць вялікага ўплыву на яе. Асабліва калі ёсць вялікі ўплыў Расіі на Беларусь», — разважае Томаш.

Сам Томаш беларусаў называе вельмі блізкімі да палякаў як у культурным, так і ў гістарычным плане.

Блогер адзначае, што беларусы вельмі цёпла ставяцца да палякаў. «Шмат беларусаў, з якімі я сутыкаўся на сваім шляху, казалі: «Я напалову адчуваю сябе палякам, я наогул маю карту паляка, я жыў у Беластоку, ва Уроцлаве, у Варшаве. Вучыўся там, меў бізнэс, маю сваякоў».

Беласток. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Агулам, што да крытыкі, то Томаш лічыць, што чым большая аўдыторыя, тым больш будзе крытыкі.

Блог паляка з сярэдзіны лістапада, калі выйшаў першы ролік пра Беларусь, вырас з 339 тысяч падпісчыкаў да 368 тысяч цяпер.

Падчас падарожжаў, па назіраннях блогера, людзі ў Беларусі і Расіі ставіліся да яго гасцінна, без якой-небудзь варожасці праз тое, што ён паляк.

Томаш лічыць, што ў выпадку чаго беларусы з усіх суседзяў Польшчы былі б першымі, хто адгукнуўся б на просьбу аб дапамозе.

Адметна, што першы выпуск пра Беларусь набраў 593 тысячы праглядаў і стаў другім па папулярнасці відэа на канале блогера за ўвесь час яго існавання. Яшчэ адзін з выпускаў з Беларусі набраў 369 тысяч праглядаў і заняў 9‑е месца па папулярнасці.

Раней у абарону таго, як Томаш распавядае пра беларусаў і Беларусь, выказваўся беларускі журналіст Дзмітрый Гурневіч. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула