БЕЛ Ł РУС

Хрэсны ход у Свята-Ануфрыеўскі манастыр аб'яднае праваслаўную моладзь Беларусі і Польшчы

19.05.2010 / 10:03

Праваслаўны беларуска-польскі моладзевы хрэсны ход пройдзе 22–25 чэрвеня.
Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення БПЦ Павел Рамановіч.

«Мэта хрэснага ходу — спрыяць духоўнаму яднанню маладых вернікаў Беларускай і Польскай праваслаўных цэркваў. Акрамя таго, гэта адраджэнне даўняй традыцыі, перарванай 70 гадоў таму».

З брэсцкага Свята-Афанасіеўскага жаночага манастыра маладыя паломнікі 22 чэрвеня выправяцца ў Польшчу. Пасля перасячэння мяжы да беларускіх удзельнікаў далучыцца група польскіх харугваносцаў. Удзельнікі шэсця за тры дні пройдуць 54 км да канцавога пункту маршруту — Свята-Ануфрыеўскага мужчынскага манастыра ў мястэчку Яблэчне у Падляшскім ваяводстве.

Хрэсны ход завершыцца ў дзень памяці Ануфрыя Вялікага — святога, асабліва шанаванага ў гэтым рэгіёне. Да 1939 году, калі была ўсталяваная новая мяжа паміж Польшчай і Савецкім Саюзам, такія народныя пілігрымкі былі штогадовымі.

Манастыр святога Ануфрыя — адзіны на тэрыторыі сучаснай Польшчы манастыр, які праіснаваў амаль 500 гадоў як праваслаўны і ў якім заўсёды жылі манахі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула