У Мінску адкрылася выстава сучаснай польскай графікі
Выстава твораў студэнтаў, выпускнікоў і педагогаў факультэта графікі Акадэміі мастацтваў у Катавіцэ (Польшча) адкрылася 18 мая ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. У экспазіцыі дэманструецца каля 50 твораў графікаў трох пакаленняў, якія працуюць у класічнай і эксперыментальнай тэхніках.
Адкрываючы выставу, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч паведаміў, што Акадэмія мастацтваў у Катавіцэ з’яўляецца адной з самых маладых школ графікі у Польшчы: у 2011 годзе яна адзначыць толькі першае сваё дзесяцігоддзе. «Мы можам ганарыцца польскім плакатам і графікай», — падкрэсліў Казакевіч і выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва мастакоў і галерэй Польшчы і Беларусі.
Як падкрэсліў дэкан факультэта графікі Акадэміі мастацтваў у Катавіцэ прафесар Гжэгаж Ханьдэрэк, дзякуючы інтэграванню асяроддзя графікаў, сканцэнтраваных вакол акадэміі, узнікла моцная і дынамічная суполка мастакоў, вядомая ў краіне і за яе межамі, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя катавіцкімі творцамі за апошнія некалькі гадоў на міжнародных выставах у Польшчы, Іспаніі, Егіпце, Македоніі, Японіі, Карэі, Кітаі і на Тайвані. Выстава працуе да 30 мая.