БЕЛ Ł РУС

Вікторыю Кульшу вызвалялі з гіпсам на шыі: «Пералом пазванкоў — гэта вынік фізічнага гвалту ў калоніі»

29.01.2026 / 14:51

Nashaniva.com

Вікторыя Кульша была вызвалена з іншымі палітвязнямі 13 снежня мінулага года з цяжкай траўмай — пераломам двух шыйных пазванкоў, які яна атрымала ў жаночай калоніі №24 (Зарэчча). Праз неабходнасць насіць гіпсавы гарсэт жанчына пазбягала фотакамер адразу пасля перасячэння мяжы, а на сам абмен яе дастаўлялі непасрэдна з медсанчасткі калоніі, куды яна трапіла пасля тэрміновай шпіталізацыі. Што з ёю здарылася, Вікторыю спытала «Новая газета Еўропа».

Вікторыя Кульша на волі ў Швейцарыі. Фота: Вольга Класкоўская / «Новы Час» 

Калі аўтобусы са 109 пасажырамі-палітвязнямі перасеклі ўкраінскую мяжу, канчатковым пунктам стаў ваенны шпіталь у Чарнігаўскай вобласці. Вікторыя адразу папрасіла медыкаў зняць з яе гіпс, піша выданне.

Але ўкраінскія дактары адмовіліся: не маючы на ​​руках вынікаў МРТ і КТ, яны не маглі ўзяць на сябе такую ​​адказнасць. І тады Вікторыя папрасіла суседак па палаце дапамагчы ёй.

Нажніцамі ўсе разам па кавалачку яны змаглі разрэзаць, разламаць гіпсавы гарсэт.

Вікторыі проста не хацелася, каб яе бачылі ў такім стане.

Цяпер яна лечыцца ў Польшчы.

— Пералом пазванкоў — не вынік збіцця. Але гэта вынік фізічнага гвалту ў калоніі. Іншых падрабязнасцяў я пакуль расказаць не магу. Але калі вы хочаце ведаць, ці зазнавала я збіццё і фізічны гвалт на працягу ўсіх пяці з лішнім гадоў за кратамі, — так. І не адзін раз. І не толькі я.

Паводле яе слоў, б'юць не толькі палітвязняў і не толькі супрацоўнікі адміністрацыі. Самі асуджаныя таксама любяць распраўляцца з суседкамі па атрадзе.

— 68‑гадовую палітвязню Алену Гнаук супрацоўнікі не білі. Але яе білі жанчыны з атрада, — кажа яна. 

Яе асуджаныя не чапалі. Але білі супрацоўнікі.

— Калі б я ўпала, то дабівалі б нагамі, — гаворыць яна. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула