Некаторыя беларускі ідуць у сурагатныя мамы. Колькі за гэта плацяць і хто з жанчын на гэта гатовы?
Нядаўна гамяльчанка стала сурагатнай маці, каб забяспечыць уласнае дзіця пасля таго, як яе кінуў муж. А той праз суд запатрабаваў палову ганарару. Колькі сурагатныя маці наогул могуць зарабіць? «Наша Ніва» паглядзела, што пішуць беларускі на спецыялізаваным расійскім сайце.
Ілюстрацыйнае фота: сацсеткі
Выглядае, што для некаторых жанчын сурагатнае мацярынства — сапраўды спосаб выправіць цяжкую фінансавую сітуацыю. Інакш не патлумачыць, чаму ў некаторых аб’явах з прапановай такіх паслуг стаіць пазнака «тэрмінова».
Напрыклад, вось гэтая жанчына хоча зацяжарыць як мага хутчэй:
«Гатовая да праграмы на бліжэйшы час, здароўе добрае, ухвалена рэпрадуктолагам […] Калі вам патрэбная адказная, прыстойная сурмама, з якой вы камфортна пройдзеце ўсю цяжарнасць (люты-сакавік), пішыце, буду рада вам дапамагчы».
Жанчына просіць ганарар памерам 2,4 мільёна расійскіх рублёў (30 тысяч даляраў). Каб яе прапанову дакладна пабачылі, жанчына паспрабавала публікаваць адпаведныя аб’явы штодзень.
«Мы — маладая пара, якая марыць пра дзіця, шукаем добрую, здаровую і адказную дзяўчыну, гатовую стаць сурагатнай мамай для нашай сям’і. Для нас гэта вельмі важны і асэнсаваны крок, таму мы шукаем чалавека, які падзеліць нашу радасць і дапаможа ажыццявіць мару», — так пачынаецца іншая аб’ява.
Гэтыя бацькі гатовыя заплаціць сурагатнай маці 1,5 мільёна расійскіх рублёў (каля 19 000 даляраў). Калі ўдасца зацяжарыць двайнятамі, да сумы дададуць яшчэ 300 тысяч расійскіх рублёў (каля 3700 даляраў). Акрамя гэтага, жанчыне кампенсуюць усе выдаткі, звязаныя з цяжарнасцю — напрыклад, лекаванне, харчаванне, адзенне і транспарт, дапамогуць з падтрымкай псіхолага і доктара.
Узамен ад яе хочуць не толькі быць здаровай, але і каб яна мела хаця б адно здаровае дзіця. І ў дадатак каб не мела судзімасцяў.
Ёсць і пары, якія прапануюць за цяжарнасць меншыя ганарары. Напрыклад, пара з Мінска гатовая заплаціць сурагатнай маці 26 тысяч беларускіх рублёў, пры гэтым у аб’яве няма інфармацыі пра пакрыццё выдаткаў, звязаных з цяжарнасцю.
Звычайна ў сурагатныя мамы бяруць жанчын узростам 20‑-35 гадоў, але бываюць і выключэнні. Напрыклад, адна беларуска прапанавала свае паслугі за ганарар 1,8 мільёна расійскіх рублёў (каля 23 тысяч даляраў). Жанчыне 37 гадоў, але яна піша, што мае досвед у сурагатным мацярынстве і падкрэслівае: ніколі не мела абортаў, выкідышаў і аперацый — магчыма, тут гаворка пра гінекалагічныя аперацыі. Таксама, піша жанчына, яна нарадзіла дваіх дзяцей натуральным чынам, а не праз кесарава сячэнне.
Іншая пара гатовая заплаціць за выношванне іх дзіцяці больш за 20 тысяч даляраў. З іх 18 тысяч жанчына атрымае ўласна за роды, 2 тысячы — за падсаджванне эмбрыёна, 500 даляраў — аднаразовая выплата на новае адзенне, і яшчэ па 450 даляраў штомесяц на жыццё. Калі жанчына зацяжарыць блізнятамі або спатрэбіцца кесарава сячэнне, абяцаюць дадаць яшчэ дзве‑тры тысячы.
Можна знайсці аб’явы і ад маладзенькіх дзяўчат, гатовых ісці ў сурмамы. Напрыклад, такую паслугу прапануе 22‑гадовая віцяблянка, якая мае сваё дзіця. Беларуска просіць ганарар памерам 2 мільёны расійскіх рублёў (каля 25 тысяч даляраў).
Выглядае, што нават уласная цяжарнасць не перашкаджае некаторым жанчынам прапаноўваць сябе ў сурагатныя маці:
«Я адказная і прыстойная сурмама, якая з павагай ставіцца да вас і вашага малога. Я чакаю сваіх бія (біялагічных дзяцей. — НН) у бліжэйшы час».
Беларускімі сурагатнымі маці часам цікавяцца расіяне. Ёсць аб’явы з расійскімі данымі для сувязі, дзе падкрэсліваецца, што жанчыну шукаюць менавіта на тэрыторыі Беларусі.
У Беларусі сурагатнае мацярынства рэгулюецца законам «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях». Паводле яго, у сурагатныя маці можа ісці жанчына 20‑-35 гадоў, якая мае хаця б адно ўласнае дзіця і не мае медычных супрацьпаказанняў. Таксама ёсць патрабаванні да прававога статуса жанчыны: напрыклад, яна мусіць не быць асуджанай за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы супраць чалавека, не быць падазраванай ці абвінавачанай па крымінальнай справе і г.д.
У Беларусі ёсць некалькі агенцтваў, якія падбіраюць сурагатных мам і суправаджаюць іх на ўсім шляху мацярынства, таксама з беларускамі працуюць агенцтвы з Расіі.
Агенцтвы абяцаюць старанна абследаваць кандыдатак у сурмамы. Біялагічныя бацькі падпісваюць дамову з будучай сурагатнай мамай.
Пасля падпісання дамовы ў арганізм жанчыны пераносяць эмбрыён ці некалькі эмбрыёнаў. Яны могуць быць зробленыя з палавых клетак абаіх біялагічных бацькоў, але магчыма і скарыстацца донарскімі клеткамі: галоўнае, каб хаця б адзін з бацькоў, якія падпісалі дамову з сурагатнай мамай, даў для эмбрыёна менавіта свае клеткі.
Калі ўсё атрымалася, жанчына выношвае дзіця як звычайна. Паводле закона сурагатная маці абавязаная, акрамя ўсяго іншага, сваечасова праходзіць медагляды, слухацца дактароў і, вядома, пасля родаў перадаць дзіця біялагічным бацькам. Цікава, што жанчына таксама мае права на дзяржаўную дапамогу. А калі сурагатная маці — сваячка біялагічнай маці, магчыма зладзіць увесь працэс і без ганарару за выношванне дзіцяці.
Чытайце таксама:
Медыйны прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі пайшоў у псіхолагі-сэксолагі