БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Украіна зменіць перамоўную пазіцыю пасля сённяшняга расійскага удару

3.02.2026 / 17:23

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў зменіць сваю пазіцыю на мірных перамовах з Расіяй пасля маштабнага ўдару па энергетычнай інфраструктуры краіны. Паводле яго слоў, атака, якая адбылася 3 лютага, была наўмыснай і суправаджалася беспрэцэдэнтнай колькасцю балістычных ракет.

Зяленскі падкрэсліў, што расійская армія скарысталася з прапановы ЗША пра кароткую паўзу ва ўдарах не дзеля падтрымкі дыпламатыі, а каб назапасіць ракеты і ўдарыць у самы халодны перыяд года, калі тэмпература ў многіх рэгіёнах Украіны апускаецца да −20 °C і ніжэй.

У выніку атакі былі сур’ёзна пашкоджаныя энергетычныя аб’екты ў Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Вінніцкай і Адэскай абласцях, а таксама ў Запарожжы.

Зяленскі заявіў, што гэтыя ўдары сведчаць: Масква не змяніла свайго падыходу і па-ранейшаму робіць стаўку на вайну, не ўспрымаючы дыпламатыю сур’ёзна. У сувязі з гэтым праца ўкраінскай перагаворнай каманды будзе адпаведна скарэктаваная.

Наступная сустрэча дэлегацый Украіны і Расіі запланаваная на 4 лютага ў Абу-Дабі.

Раней міністр энергетыкі Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што пад ударам апынуліся цеплаэлектрацэнтралі і электрастанцыі. У Харкаўскай вобласці былі пашкоджаныя ЦЭЦ-5 і некалькі падстанцый, што прывяло да спынення цеплазабеспячэння сотняў жылых дамоў. Без цяпла засталіся каля 105 тысяч спажыўцоў, у горадзе ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за пагрозы жыццю і здароўю людзей у зімовы перыяд.

У Кіеўскай вобласці былі пашкоджаныя Трыпольская ЦЭС і магутная падстанцыя, якая злучае Ровенскую АЭС са сталіцай. У самім Кіеве пацярпела ЦЭЦ-4, у выніку чаго на левым беразе Дняпра ўвялі аварыйныя адключэнні электрычнасці, а без ацяплення засталіся больш за тысячу шматкватэрных дамоў.

Таксама пад удары трапілі Ладыжынская ЦЭС у Вінніцкай вобласці, Прыдняпроўская ЦЭС у Днепрапятроўскай і энергетычны аб’ект у Адэскай вобласці, дзе без святла засталіся дзясяткі тысяч людзей. Украінскія ўлады падкрэслілі, што ўдары былі накіраваныя выключна на цывільныя аб’екты і прывялі да таго, што сотні тысяч сем’яў, у тым ліку з дзецьмі, засталіся без цяпла ў моцныя маразы.

У сваю чаргу Міністэрства абароны Расіі заявіла, што нібыта нанесла масіраваны ўдар па прадпрыемствах украінскага ваенна-прамысловага комплексу, энергетычных аб’ектах, якія іх абслугоўваюць, а таксама па месцах захоўвання і зборкі далёкасяжных беспілотнікаў.

Стала вядома, калі адновяцца перамовы па ўрэгуляванні ва Украіне

Чытайце таксама:

Расія зноў ударыла па энергетыцы Украіны: у Харкаве і Кіеве адключаюць ацяпленне ў 20‑градусны мароз

Украіна дамовілася з ЗША і Еўропай, якім будзе трохэтапны адказ на парушэнні рэжыму спынення агню з боку Расіі

Расія зноў ударыла па энергетыцы Украіны: у Харкаве і Кіеве адключаюць ацяпленне ў 20‑градусны мароз

Каментары да артыкула