Стала вядома, па якіх артыкулах судзілі блогера Максіма Шуканава
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю 36‑гадовага палітвязня, мазырскага блогера Максіма Шуканава, і яго прысуд на 4 гады калоніі ўступіў у сілу. Як вынікае з паведамлення пракуратуры, блогера абвінавацілі ў сувязі з арганізацыяй ByPol і дапамозе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн».
Максім Шуканаў. Скрыншот: UnionBell/Youtube
Раней было вядома, што хлопец вёў ютуб-канал Union Bell. Таксама ён, як сцвярджае пракуратура:
- быў рэдактарам кантэнту на ютуб-каналах ByPol і BelPol;
- ствараў лагатып BelPol;
- спрыяў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн»;
- удзельнічаў у пратэстах пасля выбараў 2020 года ў Мінску.
Шуканава затрымалі ў лютым 2025 года. Раней ён разам са сваёй нявестай Палінай Зыль быў у падполлі, каб пазбегнуць кантактаў з дзяржавай. Аднак у лютым 2025 года ім прыйшлося звярнуцца да дактароў праз пагаршэнне здароўя Максіма, асабліва на фоне арышту ягонага бацькі. Паліна таксама была арыштаваная і спачатку асуджана на год калоніі за ўдзел у пратэстах, а пазней пераведзеная ў СІЗА па іншым абвінавачанні.
З інфармацыі праваабаронцаў, Максім хварэе на эпілепсію.
Чытайце таксама:
Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?