БЕЛ Ł РУС

Туск: Сетка Джэфры Эпштэйна магла быць маштабнай аперацыяй расійскіх спецслужбаў па вербаванні заходніх эліт

4.02.2026 / 11:02

Nashaniva.com

Гаворка ідзе пра вядомую схему «мядовая пастка», дзе высокапастаўленых палітыкаў і бізнэсменаў дыскрэдытавалі праз удзел у злачынных оргіях, каб пасля трымаць іх на «кручку» Масквы.

Дональд Туск. Фота: Photo by Didier Lebrun / Photonews via Getty Images

Прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што ў Польшчы ствараецца адмысловая група па расследаванні скандалу з педафіліяй у ЗША. Ахвярамі злачыннай дзейнасці педафілаў маглі быць польскія дзеці, а другая прычына — выключна палітычная. 

— Усё больш слядоў, усё больш інфармацыі, усё больш каментароў у сусветным друку тычыцца падазрэнняў, што гэтая беспрэцэдэнтная педафільская афера была арганізаваная расійскімі спецслужбамі, — тлумачыць Туск. 

Паводле яго слоў, гэта праблема цяпер тычыцца «кожнага ўрада ва ўсім свеце.»

— Гэта пытанні пра тое, што мы збіраемся з гэтым рабіць, бо з дня ў дзень растуць падазрэнні наконт сувязяў Эпштэйна і ўсяго гэтага педафільскага кола з расійскімі спецслужбамі.

Спадар Эпштэйн, відавочна, меў неабмежаваны доступ да вялікіх грошай. Дагэтуль не высветлены крыніцы і паходжанне гэтых грошай. Ён супрацоўнічаў з вельмі многімі маладымі расіянкамі, якіх ён схіляў да прастытуцыі. Такі быў пачатак гэтага бізнэсу. Ніхто не можа адказаць на пытанне, чаму гэта было так лёгка, фактычна ў святле пражэктараў, — сказаў Туск. 

Ён звярнуў увагу, што ў апублікаваных на гэты момант дакументах ёсць больш за тысячу дакументаў, якія непасрэдна тычацца Уладзіміра Пуціна.

— Вядома, што Эпштэйн архіваваў усе свае паведамленні, электронныя лісты, дакументы, архіваваў відэаролікі і фотаздымкі. Ён запісваў і здымаў уплывовых заходніх лідараў: прэзідэнтаў, прэм'ер-міністраў, кіраўнікоў найбуйнейшых сусветных кампаній. Усё больш і каментатараў, і экспертаў мяркуюць, што вельмі верагодна, што гэта была падрыхтаваная аперацыя расійскага КДБ — так званы «honey trap» (мядовая пастка), салодкая прынада, пастка, расстаўленая на эліты заходняга свету, галоўным чынам Злучаных Штатаў, — кажа Туск. 

Чытайце таксама:

У злітых файлах Эпштэйна ўсплыла яшчэ адна беларуска, мадэль і жонка футбаліста — расказваем, што пра яе вядома

Белпол: «Эпштэйн не даехаў да Беларусі». А кім былі бацькі яго каханкі Карыны Шуляк?

Завяшчаў Карыне Шуляк 50 мільёнаў, а яе бацька лётаў з ім на верталёце за месяц да арышту. Што яшчэ стала вядома з файлаў Эпштэйна

Каментары да артыкула