БЕЛ Ł РУС

«Лега» абвяшчае рэвалюцыю: прэзентаваная сістэма, якая ажыўляе кубікі без смартфонаў. Вось як яна працуе і колькі каштуе

6.02.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Кампанія «Лега» прэзентавала новую платформу Lego Smart Play, якую вытворца называе самай значнай інавацыяй з часоў з'яўлення міні-фігуркі ў 1978 годзе. Гэта новая экасістэма, якая ператварае канструктары ў інтэрактыўныя цацкі, здольныя рэагаваць на дзеянні дзіцяці ў рэальным часе. Галоўная асаблівасць тэхналогіі — поўная адмова ад экранаў смартфонаў падчас гульні: уся «магія» адбываецца ў кубіках. Ужо з сакавіка яны будуць у продажы, сярод пілотных краін — суседняя Польшча.

Том Дональдсан Lego Smart Play на канферэнцыі CES у Лас-Вегасе. Фота: Abbie Parr / Associated Press

Сэрцам новай сістэмы з'яўляецца «разумны кубік» (Smart Brick), які вонкава нагадвае класічную дэталь 2x4, але ўнутры хавае магутную начынку. Інжынеры Lego распрацавалі ўласны мікрачып, меншы па памеры за адзін выступ на кубіку, і абсталявалі яго цэлым наборам датчыкаў: акселераметрам, гіраскопам, датчыкамі святла і колеру, а таксама сінтэзатарам гуку.

Дзякуючы гэтаму кубік разумее, як яго трымаюць, куды перамяшчаюць і з якой хуткасцю ён «ляціць», імгненна рэагуючы адпаведнымі гукамі і светлавымі эфектамі, якія генеруюцца ў рэальным часе, а не прайграюцца ў запісе.

Smart Brick на канферэнцыі CES у Лас-Вегасе. Фота: Abbie Parr / Associated Press

Сістэма працуе на базе трох узаемазвязаных элементаў: самога Smart Brick, спецыяльных тэгаў (Smart Tags) і разумных міні-фігурак.

Тэгі — гэта невялікія пліткі, якія «падказваюць» разумнаму кубіку, часткай чаго ён зараз з'яўляецца. Калі ўставіць яго ў мадэль з тэгам знішчальніка X-Wing, кубік пачне выдаваць гукі рухавікоў і лазераў.

Разумныя міні-фігуркі таксама маюць убудаваныя чыпы: напрыклад, калі пасадзіць фігурку Дарта Вейдэра ў кабіну, сістэма пазнае персанажа і можа прайграць знакаміты «Імперскі марш» альбо характэрнае дыханне. Вось як гэта выглядае:

Гэта сапраўдная тэхналагічная рэвалюцыя для кампаніі, бо ўсе элементы ўтвараюць дэцэнтралізаваную бесправадную сетку (BrickNet). Кубікі могуць «размаўляць» адзін з адным на адлегласці, вызначаючы сваё ўзаемнае размяшчэнне без неабходнасці падключэння да цэнтральнага хаба або планшэта.

Распрацоўка вялася больш за 10 гадоў і ўключае больш за 20 запатэнтаваных рашэнняў, накіраваных на тое, каб вярнуць дзяцей да фізічных гульняў, развіваючы іх крэатыўнасць без дэвайсаў з экранамі.

Першымі наборамі, якія атрымаюць падтрымку Smart Play, стануць легендарныя караблі з сусвету «Зорных войнаў». Запуск будзе паэтапным, 1 сакавіка 2026 года навінка стане афіцыйна даступнай толькі ў шасці краінах: ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Аўстраліі і суседняй з намі Польшчы.

Рылз пра новую сістэму ад Associated Press

Кошт стартавых набораў пачынаецца ад 40 еўра за невялікі карабель Люка да 160 еўра за набор «Бітва за трон Дарта Вэйдара». Некаторыя наборы сумяшчальныя з Smart Play, а некаторыя прадаюцца як All-in-one — то-бок там ёсць усё патрэбнае для таго, каб адразу граць.

Фішка ў тым, што кожны элемент набора цяпер будзе «жывым» — можна будзе імітаваць бітвы караблёў, у якіх ёсць унутраная сістэма заліку пашкоджанняў, дазапраўляць іх на заправачных станцыях, імітаваць сувязь між зямлёй і караблём. Дзеці могуць самі мадэляваць узаемадзеянні між рознымі элементамі SmartPlay.

Троххвілінная дэманстрацыя таго, як працуе новая сістэма

«Лега» лічыць, што гэтая платформа вызначыць развіццё індустрыі цацак на наступныя дзесяцігоддзі, аб'ядноўваючы настальгію па кубіках з перадавымі тэхналогіямі.

Чытайце таксама:

Lego прадставіла самы дарагі канструктар у сваёй гісторыі — па матывах «Зорных войнаў»

У Беларусі пабудавалі дзіцячы садок у стылі Lego ФОТЫ

«Паліцы пустыя». Перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі

Каментары да артыкула