На свабодзе Валянцін Стэфановіч
Паплечнік Алеся Бяляцкага знаходзіўся за кратамі з ліпеня 2021 года. Яму далі тэрмін у дзевяць гадоў калоніі.
Валянцін Стэфановіч пасля вызвалення
Валянцін Стэфановіч увайшоў у лік тых палітвязняў, якія былі вызваленыя 19 сакавіка, паведаміла «Вясна».
Сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. У той дзень сілавікі прыйшлі з ператрусамі не толькі да яго, але і ў офіс «Вясны», а таксама да дзясяткаў іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці па ўсёй краіне.
Суд па «справе Вясны» пачаўся толькі ў пачатку 2023 года. Разам са Стэфановічам судзілі старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Яшчэ аднаго фігуранта, Змітра Салаўёва, судзілі завочна, бо ён знаходзіўся за мяжой.
Супраць праваабаронцы завялі справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Паводле версіі абвінавачвання, праваабаронцы ўвозілі ў Беларусь грошы для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій і аплаты адвакатаў.
Праз год утрымання пад вартай справа па гэтым артыкуле была спынена, але было прад'яўлена новае абвінавачанне — паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 КК (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
3 сакавіка 2023‑га Стэфановічу вынеслі прысуд — 9 гадоў зняволення. Сваёй віны мужчына не прызнаў. Пакаранне адбываў у магілёўскай калоніі № 15. У снежні 2023 года Валянцін быў пераведзены на паўгода ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) «за парушэнні». На волі яго чакалі жонка і трое дзяцей.
Бяляцкага і Лабковіча вызвалілі пры дапамозе амерыканскіх дыпламатаў 13 снежня.
Валянцін Стэфановіч з сям'ёй. Фота з асабістага архіву / spring96.org
Валянцін Стэфановіч нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. Скончыў сярэднюю школу № 11. Пасля службы ў войску з чырвоным дыпломам скончыў юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін, працаваў юрыстам на Мінскім падшыпнікавым заводзе.
Яшчэ студэнтам ён удзельнічаў у акцыях Беларускага народнага фронту, а ў 1994 годзе быў назіральнікам ад БНФ на першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.
У 1996 годзе Стэфановіч стаў сузаснавальнікам «Маладога Фронту», у 1997 годзе быў абраны сустаршынёй арганізацыі, але неўзабаве пакінуў яе. У сакавіку 1997 года ўпершыню быў затрыманы на акцыі пратэсту і адбыў 5 сутак адміністрацыйнага арышту.
У верасні 1998‑га мужчына далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Вясна-96». На той момант яна была зарэгістравана як гарадское грамадскае аб'яднанне. Праз два гады ён стаў намеснікам старшыні.
Валянцін Стэфановіч (справа) разам з Алесем Бяляцкім. 1998 год. Фота: spring96.org
Восенню 2011 года падатковая інспекцыя Партызанскага раёна аштрафавала Валянціна Стэфановіча за няпоўную выплату падаткаў. Падставай сталі звесткі пра замежныя банкаўскія рахункі кіраўнікоў «Вясны», якія Літва перадала афіцыйнаму Мінску. Гэтая ж інфармацыя стала падставай для абвінавачвання старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, якога тады асудзілі на 4,5 года калоніі з канфіскацыяй маёмасці.
14 ліпеня 2021‑га паводле абвінавачвання ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» Стэфановіч апынуўся за кратамі. Падчас знаходжання пад следствам у кастрычніку 2022 года мужчына быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Чытайце таксама:
Валянцін Стэфановіч: Я запомніў гэта на ўсё жыццё, гэта адчуванне годнасці чалавечай
Вясноўца Валянціна Стэфановіча накіравалі ў калоніі на чыстку кабеляў
Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода