БЕЛ Ł РУС

«Моцныя сутаргі па ўсім целе». 18‑гадовы Мацвей расказаў, як яго ўдарыла токам у мінскім тралейбусе

6.02.2026 / 18:21

Nashaniva.com

Нядаўна стала вядомая гісторыя, як днём 27 студзеня ў Мінску ў тралейбусе № 44 пасажырку ўдарыла токам. Пацярпела дзяўчына Дыяна, якая пасля гэтага інцыдэнту трапіла на лячэнне ў кардыялогію. Пры гэтым паведамлялася, што ў гэтай справе быў яшчэ адзін пацярпелы. Цяпер 18‑гадовы Мацвей расказаў сваю гісторыю «Анлайнеру».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

«Я толькі ступіў на металічны парожак, як адразу адчуў боль у назе і ўпаў у лужыну паміж бардзюрам і тралейбусам. Паколькі нага заставалася на тым парозе, мяне пачало ўсяго трэсці. Прытомнасць я не страчваў. Па адчуваннях тое, што адбывалася, можна апісаць як моцныя сутаргі па ўсім целе. Было балюча.

Дзіяну адцягнулі, бо яна знаходзілася ў самім тралейбусе, а я захрас у гэтай ямцы, і мяне адцягнуць ніхто не мог. Магчыма, людзі думалі, што ў мяне прыпадак эпілепсіі. Калі кіроўца зразумеў, што здарылася, ён адключыў тралейбус», — расказвае Мацвей.

Дактары ўстанавілі: у хлопца «ўздзеянне току без электратраўмы». У той жа дзень Мацвей вярнуўся дадому. Пасля здарэння яго выклікалі ў міліцыю, з ім таксама сустракаліся супрацоўнікі «Мінсктранса»:

«Мне прынеслі прабачэнні і сказалі, што будзе выплачана грашовая кампенсацыя. Трэба толькі сабраць дакументы для страхавой.

Як мне патлумачылі, у тралейбусе ёсць тры бар'еры абароны, каб чалавек не пацярпеў ад уздзеяння току. І соль, якой узімку пасыпаюць дарогі, адзін з бар'ераў раз'ела. Праз гэта нас і ўдарыла токам. Гумовая падэшва не выратавала, бо на ёй, як і на платформе, таксама была соль».

Чытайце таксама:

Дзяўчыну ўдарыла токам у мінскім тралейбусе — цяпер яна ляжыць у кардыялогіі

«Мінсктранс» пракаментаваў гісторыю з дзяўчынай, якая трапіла ў бальніцу пасля ўдару токам у тралейбусе

У Мінску пасажырка пасварылася з кіроўцам тралейбуса. Хто быў вінаваты?

Каментары да артыкула