БЕЛ Ł РУС

Канец эпохі цалкам бясплатнага ШІ? У ChatGPT з'яўляецца рэклама, і вось як яна будзе выглядаць

10.02.2026 / 10:02

Nashaniva.com

OpenAI перайшла ад слоў да справы ў пытанні манетызацыі самага папулярнага чат-бота свету. Карыстальнікі бясплатных версій і самых танных тарыфаў неўзабаве пабачаць банеры ў сваіх чатах — спачатку ў ЗША, а пасля і ў іншых краінах. Разбіраемся, што гэта зменіць.

Фота: Jernej Furman/flickr.com/cc-by-2.0

Згодна з данымі, атрыманымі з бэта-версій праграмы для Android і вэб-інтэрфейсу, пры першым запуску карыстальнікаў будзе сустракаць поўнаэкраннае паведамленне пра змены. Агляд рэкламы зрабіў тэх-блогер Tibor Biaho у твітары.

Папярэджанне пра з'яўленне рэкламы ў ChatGPT. Фота: btibor91/twitter.com

Рэкламныя блокі будуць з'яўляцца не ўнутры тэксту адказаў робата, што магло б заблытаць карыстальніка, а размяшчаюцца ў асобных зонах і пазначаюцца тэгам «Sponsored».

Рэклама знайходзіцца ў полі Sponsored. Фота: btibor91/twitter.com

Тэхнічны бок пытання выклікае найбольш дыскусій: алгарытм падбору рэкламы будзе абапірацца як на тэму вашай бягучай размовы, так і на гісторыю папярэдніх чатаў. OpenAI запэўніваюць, што рэкламадаўцы не атрымаюць прамога доступу да вашых дыялогаў, ім будзе даступная толькі абагульненая статыстыка праглядаў і клікаў.

Для тых, хто турбуецца пра прыватнасць, прадугледжаная старонка налад «Ads control», дзе можна адключыць персаналізацыю на аснове памяці і гісторыі, хаця рэклама на аснове кантэксту бягучай гутаркі ўсё роўна застанецца.

Пункт меню Ads Control. Фота: btibor91/twitter.com

З пункту гледжання карыстальніцкага досведу першая рэалізацыя выглядае даволі стрыманай. Карыстальнікі таксама атрымаюць магчымасць хаваць канкрэтныя аб'явы праз меню і нават спытаць ChatGPT пра змест рэкламы, калі ім спатрэбяцца дэталі без пераходу па спасылцы.

Запыт да ChatGPT пра рэкламу. Фота: btibor91/twitter.com

Увядзенне рэкламы ўжо справакавала вострую рэакцыю канкурэнтаў. Кампанія Anthropic, стваральнік чат-бота Claude, нават запусціла рэкламную кампанію, дзе высмейвае патэнцыйную назойлівасць рэкламы ў AI-памочніках.

Гэта высмейвае яшчэ і змену рыторыкі кіраўніка OpenAI Сэма Альтмана. Раней ён выказваўся пра рэкламную мадэль негатыўна, а цяпер называе яе спосабам захаваць бясплатны доступ для мільярдаў людзей.

Пакуль незразумела, ці застанецца рэклама такой жа ненавязлівай у будучыні. Гісторыя тэхналагічных гігантаў паказвае, што рэкламны ціск з часам звычайна толькі ўзмацняецца.

Чытайце таксама:

ШІ бяссільны перад мастацтвам: вершаваныя запыты змусілі яго расказаць, як ствараць атамныя бомбы і ламаць сайты

Штучны інтэлект пераварочвае порнаіндустрыю

OpenAI плаціць сваім супрацоўнікам больш, чым любы буйны тэхналагічны стартап у гісторыі

Каментары да артыкула