БЕЛ Ł РУС

Нягледзячы на маразы, пад Мінскам збіраюць ураджай спелых клубніц

7.02.2026 / 16:53

Nashaniva.com

Зіма ў Беларусі ўжо не перашкода для свежых клубніц. У лютым у цяплічнай гаспадарцы Мінскага раёна збіраюць ураджай спелых ягад. Пра гэта расказалі ў праграме «Міншчына» на тэлеканале СТБ.

За перыяд з кастрычніка па ліпень тут атрымліваюць больш за 40 тон клубнікі. Дзякуючы сучасным тэхналогіям айчынныя ягады даступныя пакупнікам цэлы год.

Пакуль на дварэ мароз і снег, у цяпліцах пануе сапраўднае лета: тэмпература трымаецца на ўзроўні каля +23 градусаў, працуюць чмялі, а на плантацыях плошчай каля шасці тысяч квадратных метраў растуць салодкія клубніцы.

Супрацоўніца гаспадаркі Марыя Астаповіч працуе тут ужо сем гадоў, але клубніцамі пачала займацца нядаўна. Новы цэх стаў месцам для эксперыментаў: у гэтым сезоне расліны ўпершыню высадзілі з выкарыстаннем мінеральнай ваты, што дазваляе дакладна кантраляваць іх сілкаванне. На адзін квадратны метр прыпадае сем кустоў, а дадатковае асвятленне забяспечваюць натрыевыя і святлодыёдныя лямпы, якія не толькі даюць святло, але і павышаюць тэмпературу.

Цяпліцы адносяцца да чацвёртага пакалення: іх вышыня дазваляе выкарыстоўваць агралямпы — так званае «другое сонца». На паўтара гектара ўстаноўлена каля пяці тысяч лямпаў, што дае магчымасць атрымліваць ураджай клубніц круглы год.

Спеласць ягад вызначаюць па колеры і становішчы пялёсткаў: калі яны падымаюцца ўверх, клубніцы можна зрываць. Ягады стараюцца здымаць акуратна, без пашкоджанняў, каб яны даўжэй захоўвалі свежасць.

Акрамя клубніц, у цяпліцах вырошчваюць і ружы — яны займаюць каля 3,5 гектара. Тут больш за 35 сартоў кветак, у тым ліку півонепадобныя і куставыя. Вырошчванне вядзецца па галандскай тэхналогіі, а ўсе працэсы — ад паліву да рэгулявання тэмпературы і падачы вуглякіслага газу — кантралююцца камп’ютарам.

Чытайце таксама:

Маладая бульба па нерэальнай цане: чым здзіўляе Камароўка ў студзеньскія маразы

Жлобінскі мясакамбінат выпусціў каўбаскі з клубніцамі

Кастрычнік, а фермеры пад Гроднам на ўсю моц збіраюць клубніцы. Дзякуючы новаму сорту

Беларус расказаў, колькі можна зарабіць на клубніцах у Швецыі

Каментары да артыкула