Кітай не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх перамовах аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі
Кітай заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у перамовах аб кантролі і скарачэнні ядзерных узбраенняў, у тым ліку ў магчымым шматбаковым фармаце з удзелам ЗША і Расіі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік КНР пры ААН у Жэневе Цзянь Шэнь, піша The Moscow Times.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Фота: Sergei Bobylev Sputnik Kremlin Pool Photo via AP
Па словах кітайскага дыпламата, ядзерны патэнцыял Кітая істотна меншы за арсеналы ЗША і Расіі, таму Пекін не лічыць мэтазгодным далучацца да такіх перамоў на цяперашнім этапе.
Цзянь Шэнь падкрэсліў, што галоўная адказнасць за ядзернае раззбраенне павінна ляжаць на краінах з найбуйнейшымі ядзернымі арсеналамі. Менавіта яны, на яго думку, павінны першымі пайсці на значнае і правяральнае скарачэнне ўзбраенняў.
Раней, 6 лютага, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што Вашынгтон будзе і надалей падтрымліваць і мадэрнізаваць свой ядзерны арсенал, каб весці перамовы «з пазіцыі сілы». Ён адзначыў, што ЗША не пагодзяцца на дамовы, якія могуць паставіць пад пагрозу іх бяспеку, але пры гэтым застаюцца зацікаўленымі ў скарачэнні ядзерных узбраенняў.
Рубіа таксама сказаў, што старая сістэма кантролю над узбраеннямі, заснаваная на двухбаковых дамовах паміж ЗША і Расіяй, ужо не адпавядае сучасным рэаліям. Прычына — істотнае нарошчванне ядзернага патэнцыялу Кітаем. Паводле яго, новыя пагадненні павінны ўлічваць, што ЗША цяпер маюць адразу двух ядзерных канкурэнтаў.
Акрамя таго, кіраўнік Дзярждэпартамента нагадаў, што Расія яшчэ ў 2023 годзе прыпыніла ўдзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях, спасылаючыся на шматгадовыя парушэнні. Таму заканчэнне тэрміну дзеяння дамовы 5 лютага, паводле амерыканскага боку, не азначае аўтаматычнага пачатку новай гонкі ўзбраенняў.
У сваю чаргу, пастаянны прадстаўнік Расіі пры Канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе Генадзь Гацілаў заявіў, што Масква гатовая да перамоў па кантролі або скарачэнні ядзерных узбраенняў, але толькі пры ўмове ўдзелу ў іх Вялікабрытаніі і Францыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней таксама выказаўся за распрацоўку новага пагаднення замест падаўжэння СНУ-III, назваўшы гэту дамову кепска падрыхтаванай, а да таго ж яна груба парушалася. Ён прапанаваў даручыць экспертам стварэнне абноўленай доўгатэрміновай дамовы.
Паводле звестак Axios, пасля заканчэння тэрміну дзеяння СНУ-3 ЗША і Расія дамовіліся яшчэ на паўгода прытрымлівацца яе ўмоў і за гэты час вызначыць далейшы лёс пагаднення.
Чытайце таксама:
ЗША настойваюць, каб у новай дамове аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі акрамя Расіі быў і Кітай
Кітай абагнаў Расію па колькасці атамных падводных лодак
Трамп заявіў, што ўжо спыніў некалькі ядзерных войнаў. У тым ліку паміж Расіяй і Украінай
Расія і ЗША дамовіліся аднавіць вайсковы дыялог на высокім узроўні
Расія заявіла, што больш не лічыць сябе звязанай дамовай аб абмежаванні ядзернага арсенала