БЕЛ Ł РУС

Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай

10.02.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Паліну Верамяйчук асудзілі, найхутчэй, па справе Гаюна.

Паліна Верамяйчук. Фота з яе старонкі Укантакце

Паліне Верамяйчук 27 гадоў. Яна родам з аграгарадка Сталовічы Баранавіцкага раёна.

Паводле адукацыі Паліна фінансіст, скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але сваё жыццё звязала з творчасцю.

Яна вядомая як фатографка, здымала ў Баранавічах і Мінску. У сваім профілі дзяўчына пісала, што стварае «жаночыя партрэты і сямейныя гісторыі, якім верыш», і фатаграфуе так, «як быццам закаханая ў вас».

У Паліны ёсць муж і зусім маленькае дзіця. Яна стала мамай толькі ў ліпені 2025 года. Дакладна невядома, калі менавіта да Верамяйчук прыйшлі сілавікі і ці трымалі яе пад вартай.

Дзяўчыну абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — і асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе. Пераслед звязаны, найхутчэй, са справай Гаюна.

Дзяўчыне прысудзілі хатнюю хімію, але дакладны прысуд невядомы.

Чытайце таксама:

Асудзілі 33‑гадовую бухгалтарку з Брэста — імаверна, па справе Гаюна

Б'юці-блогерку з Гомеля асудзілі за палітыку

35‑гадовую айцішніцу з Брэста асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна

Каментары да артыкула