Паліто за 790 рублёў ад беларускага брэнда хутка сапсавалася. Кліентцы параілі зафарбаваць пацёртасці спецыяльным маркерам
Брэнд Swan таксама даў параду, як лепш насіць паліто — не больш за 4 дні на тыдзень.
Фота: swanstore.by
Пра непрыемны выпадак беларуска Кацярына распавяла ў Threads: «У кастрычніку купіла «паліто мары» ў краме Swan за 790 BYN. Пасля пары месяцаў неінтэнсіўнай носкі з'явіліся бачныя пацёртасці на рукавах і кішэні».
Жанчына сцвярджае: з моманту пакупкі яна не вельмі актыўна насіла паліто, бо зіма халодная, а для маразоў яно не падыходзіць. Кацярына напісала брэнду пра праблему, але ж адказ яе ашаламіў.
Фота паліто Кацярыны з Threads
У Swan адзначылі, што пацёртасці атрымаліся праз рамень сумкі. Брэнд даў парады, як насіць іх паліто і што рабіць з сапсаваным:
«З агульных рэкамендацый: ваўняное паліто лепш насіць не больш за 4 дні на тыдзень, чаргуючы з іншым верхнім адзеннем. Па магчымасці варта змяняць спосаб нашэння сумкі, бо на практыцы рамяні ад сумак часта пакідаюць сляды і пацёртасці, а таксама могуць часткова пераносіць фарбавальнікі пры кантакце з ападкамі. Гэтыя сляды можна паспрабаваць асцярожна замаскіраваць спецыяльным маркерам для тканін
(ён прадаецца ў крамах «Мастак», «Леанарда», «Арт-тэрыторыя»), папярэдне праверыўшы яго на невялікім участку».
Кацярына ж адказала краме, што не мае жадання займацца такой творчасцю, і папрасіла вярнуць ёй грошы. Гатовая яна да правядзенне незалежнай экспертызы.
Пры гэтым жанчына сцвярджае: у момант продажу ёй аб абмежаванні ў нашэнні нічога не сказалі, памятку па доглядзе не далі.
У каментарах людзі шчыра здзіўляюцца прапанаваным у выніку правілам:
«Калі я купляю паліто за 790 рублёў, то я ўжо дакладна не жадаю лічыць, колькі дзён за тыдзень я яго пранасіла, і сумку ў руцэ цягаць. Кашмар»,
«Калі Бузава прыязджае на канцэрт — у яе менш патрабаванняў да арганізатараў канцэрта, чым усе пералічаныя агульныя рэкамендацыі па выкарыстанні паліто. Чатыры дні на тыдзень? Можа яго наогул лепш павесіць у шафу і не насіць? За 790 руб за такія патрабаванні?»,
«Ваўнянае паліто рэкамендуюць насіць не больш за 4 дні на тыдзень? Што? А ў астатнія дні сядзіце дома пакуль паліто адпачывае? Або купіце на змену другое паліто? Ад адказу шок».
Некаторыя дзяліліся расчараваннем ад айчынных брэндаў агулам: «Я неяк ужо прызвычаілася да думкі, што ў асноўным адзенне беларускіх брэндаў — гэта сфоткацца ў ім і прадэманстраваць, што падтрымліваеш беларускіх дызайнераў. У мяне так з вельмі шматлікімі рэчамі з воўны выходзіла, што хутка прыходзілі ў непрыдатнасць, але не гэтага брэнда».
Чытайце таксама:
Жанчына набыла спартыўны касцюм беларускага брэнду за 600 рублёў і ў шоку ад якасці
Нятаннае паліто беларускага брэнду сапсавалася за 20 хвілін праз вільготнасць на вуліцы
Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя