ЗША ўкладуць 9 мільярдаў даляраў у армянскую ядзерную энергетыку
ЗША плануюць укласці каля 9 мільярдаў даляраў у энергетычны сектар Арменіі, у тым ліку ў развіццё ядзернай энергетыкі. Пра гэта 9 лютага заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс падчас візіту ў Ерэван, дзе ён выступаў разам з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, піша «Еўрапейская праўда».
Джэй Дзі Вэнс з падпісанай дамовай. Фота: Kevin Lamarque/Pool Photo via AP
Паводле слоў Вэнса, бакі завяршылі перамовы па міжурадавай дамове аб супрацоўніцтве ў сферы мірнага выкарыстання ядзернай энергіі. Рэалізацыя гэтай дамовы адкрые магчымасці для новых праектаў як для амерыканскіх, так і для армянскіх кампаній. На першым этапе плануюцца інвестыцыі прыкладна на 5 мільярдаў даляраў, а на другім — яшчэ на 4 мільярды.
Віцэ-прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што праект будзе выгадны абедзвюм краінам, бо паспрыяе ўмацаванню энергетычнай бяспекі, устойлівасці энергасістэмы і стварэнню новых працоўных месцаў.
Ён таксама адзначыў, што ў Арменіі плануецца выкарыстанне малых модульных рэактараў, то-бок сучасных амерыканскіх тэхналогій.
Вэнс дадаў, што ЗША рэдка ідуць на экспарт такіх адчувальных тэхналогій, і гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы даверу да армянскага кіраўніцтва.
Раней стала вядома, што Джэй Дзі Вэнс таксама наведае Азербайджан, каб замацаваць дамоўленасці адносна будаўніцтва гандлёва-транзітнага калідора.
Нагадаем, у жніўні мінулага года прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян у прысутнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падпісалі пагадненне аб стварэнні транзітнага маршруту TRIPP з асноўнай тэрыторыі Азербайджана ў Нахічэванскі анклаў праз Арменію. Практычная рэалізацыя гэтага праекта, уключаючы пачатак будаўнічых работ, запланаваная на 2026 год.
Чытайце таксама:
Карабах без армян: Трамп заканчвае войны, якія заканчваюцца самі
Трамп падпісаў статут Рады міру
Следам за Арменіяй і Сірыяй Расія губляе Малі і ЦАР
Трамп зноў пераблытаў назвы краін: Арменія ваявала з Камбоджай