За год са стыхійных сметнікаў у мінскіх лясах вывезлі каля 1200 тон смецця
У 2025 годзе з лясных зон Мінска вывезлі каля 1200 тон смецця. Такія лічбы паведаміў старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Драгун на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, пішуць «Мінск-Навіны».
Здымак ілюстрацыйны
Для барацьбы са стыхійнымі сметнікамі ў лясах плануецца выкарыстоўваць фотапасткі і сістэмы відэаназірання, якія будуць фіксаваць парушэнні. Асобам, што парушаюць экалагічнае заканадаўства, будуць накіроўваць паведамленні з патрабаваннем аплаціць штраф.
Паводле слоў Аляксандра Драгуна, у 2025 годзе якасць паветра ў Мінску ў цэлым адпавядала высокім стандартам і найчасцей ацэньвалася як «вельмі добрая», «добрая» або «умераная». Кароткачасовае перавышэнне дапушчальных нормаў цвёрдых часцінак зафіксавалі толькі ў раёне Уручча, што было звязана з працяглай адсутнасцю дажджоў. З пачаткам ападкаў сітуацыя хутка нармалізавалася.
Асноўная частка шкодных выкідаў у сталіцы — каля 80 % — прыпадае на транспарт, яшчэ 20% утвараюць прамысловыя прадпрыемствы. У 2026 годзе плануецца скараціць агульны аб’ём выкідаў прыкладна на тысячу тон, у тым ліку за кошт вываду з эксплуатацыі састарэлага абсталявання на адным з мінскіх заводаў.
Таксама адзначаецца рост колькасці экалагічнага транспарту: калі два гады таму ў Мінску налічвалася каля 1200 электрамабіляў, то цяпер іх ужо больш за 24 тысячы. У цёплы сезон жыхары горада актыўна карыстаюцца раварамі, што таксама спрыяе зніжэнню ўзроўню забруджвання паветра.
Акрамя таго, ў сталіцы было высаджана больш за 55 тысяч дрэў, каля 318 тысяч кустоў і звыш 11 мільёнаў кветкавых раслін, а таксама абноўлена больш за 300 гектараў газонаў.
Чытайце таксама:
За незаконнае пахаванне хатняга гадаванца беларусам пагражае вялікі штраф
Беларусь — на другім месцы. Дзяўчына расказала, як сартавала смецце ў шасці краінах свету