Беларускі мастак стварыў з манет партрэт футбольнай зоркі
Беларускі мастак Вадзіс Красоўскі стварыў партрэт з манет найбольш паспяховага сучаснага грузінскага футбаліста Хвічы Кварацхеліі. Карціна прымеркаваная да 25‑годдзя нападніка нацыянальнай зборнай Грузіі і французскага клуба «Пары Сен-Жэрмен», якое ён адзначае 12 лютага, піша «Позірк».
Хвічы Кварацхеліі
Вадзіс Красоўскі на прадстаўленні сваёй працы. Скрыншот з відэа
На партрэт Красоўскі выдаткаваў 3525 манет — грузінскіх (мінімальным дзейным наміналам 5 тэтры — як «знак падмурка, каранёў, паходжання») і французскіх (5 і 10 сантымаў, якія выйшлі з абарачэння пасля ўвядзення еўра — як «шлях, адкрытасць свету, міжнароднае прызнанне»).
Паводле яго слоў, гэты твор не пра футбол, а пра «шлях, краіну, сына Грузіі, які ідзе наперад — і бярэ яе імя з сабой».
Выкарыстаныя манеты ён назваў «не матэрыялам, а слядамі часу, чалавечых рук, дарог і выбараў»: «З іх склаўся вобраз чалавека, які вынес імя Грузіі на сусветны ўзровень — спакойна, без шуму, сваёй гульнёй».
«Мая карціна велізарная, як гасціннае сэрца Сакартвела. Яна задуманая як публічны жэст, як культурны сімвал», — падкрэсліў Красоўскі, прадстаўляючы работу ў сваім тыкток-акаўнце.
Хвіча Кварацхелія, пяціразовы найлепшы футбаліст Грузіі, у складзе «Напалі» стаў двойчы чэмпіёнам Італіі, а ў форме «ПСЖ» стаў чэмпіёнам, уладальнікам Кубка і Суперкубка Францыі, выйграў Лігу чэмпіёнаў, Суперкубак УЕФА і Міжкантынентальны кубак.
Вадзіс (Вадзім) Красоўскі нарадзіўся ў 1972 годзе ў Магілёве. Мастак, нумізмат, стваральнік тэхнікі Facemoney Illusion. З 2023 года жыве ў Батумі. Ён стварыў партрэт знакамітага грузінскага артыста Вахтанга Кікабідзэ, якога не паспеў застаць жывым, але з сям’ёй якога пазнаёміўся.
Чытайце таксама:
Зборная Беларусі даведалася пра супернікаў у Лізе нацый
Арцём Радзькоў пакінуў пасаду галоўнага трэнера кіпрскага «Арыса»