БЕЛ Ł РУС

Луўр зноў заліло, пацярпеў твор мастацтва XIX стагоддзя

13.02.2026 / 21:58

Nashaniva.com

Славуты парыжскі Луўр зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі пасля чарговага інцыдэнту: у чацвер увечары вада пашкодзіла тут распісную столь 1819 года. Выцек адбыўся з трубы ацяплення ў тэхнічным памяшканні, і вада трапіла на роспіс, створаны французскім мастаком-неакласікам Шарлем Мяйнье, паведамляе Euronews.

Уваход у Луўр. Фота: AP Photo/Emma Da Silva

Пацярпелы твор знаходзіцца ў зале №707, каля ўваходу ў аддзел жывапісу ў крыле Дэнон. Побач размешчаная Галерэя д’Апалон, дзе летась у кастрычніку адбылося гучнае рабаванне.

Паводле паведамлення музея, ратавальныя службы аператыўна адрэагавалі і недзе апоўначы выцек удалося спыніць. Раніцай на месца здарэння прыбыў рэстаўратар, які выявіў два пашкоджанні ў адной зоне, выкліканыя вадой, а таксама ўздуцце фарбавага пласта на столі і яе арках.

Галоўны архітэктар гістарычных помнікаў адзначыў, што канструктыўных пашкоджанняў няма, аднак праводзіцца дадатковае дэталёвае абследаванне як самой столі, так і жывапісу.

У пятніцу частка памяшканняў Луўра заставалася закрытай, але залу №707 плануюць адкрыць найбліжэйшым часам. Пры гэтым не выключана, што перабоі ў працы музея могуць працягнуцца, і адкрыццё для наведвальнікаў у панядзелак будзе адкладзенае.

Гэта ўжо другая ўцечка вады ў Луўры менш чым за тры месяцы. У лістападзе мінулага года падобны інцыдэнт у бібліятэцы аддзела егіпецкай старажытнасці пашкодзіў сотні экспанатаў. Акрамя таго, пасля кастрычніцкага крадзяжу васьмі гістарычных каштоўнасцяў XIX стагоддзя музей рэгулярна сутыкаецца з праблемамі — ад расследавання махінацый з квіткамі да страйкаў супрацоўнікаў, якія скардзяцца на недахоп персаналу і праблемы з бяспекай.

Чытайце таксама:

Луўр значна павысіў цэны для наведвальнікаў не з Еўрасаюза

Паролем ад камер відэаназірання ў абрабаваным Луўры было слова «Луўр»

Падазраваны ў рабаванні Луўра расказаў пра замову ад «мужчын са славянскім акцэнтам»

У арганізацыі рабавання Луўра падазраюць расіяніна, звязанага са спецслужбамі

Пасля выкрадання каштоўнасцей з Луўра, яго скарбы схавалі ў падземным сховішчы Банка Францыі

Каментары да артыкула