БЕЛ Ł РУС

«Яна не выглядала шчырай, была ў масцы». Паўлючэнка пра сустрэчу Калеснікавай з беларускімі журналістамі

13.02.2026 / 23:56

Вінцэсь Клепачэня

Паўлючэнка параўноўвае Марыю з савецкімі эмігрантамі на Брайтан-Біч і кажа, што разуменне Беларусі ў яе аднекуль з двухтысячных — часу, калі яна выехала.

Марыя Калеснікава падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Берліне. 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Марыяй Калеснікавай у Берліне.

Ён патлумачыў, што шэраг беларускіх журналістаў атрымалі запрашэнні ад Марыі Калеснікавай сустрэцца.

«Першапачаткова гэта апісвалася як запрашэнне на гарбату, пазнаёміцца, абмяняцца думкамі, уражаннямі, і я прыкладна з такім настроем ехаў на гэтую сустрэчу. (…) А астатнія калегі чамусьці прыехалі проста зараджаныя на інтэрв’ю», — дзеліцца Паўлючэнка.

«Наша Ніва» атрымала падобнае запрашэнне, аднак палічылі прапанаваны фармат — 15 хвілін размовы ў Берліне з кожным беларускім медыя пасля шматгадзіннай гутаркі Калеснікавай з расійскім блогерам Юрыем Дудзём — недарэчным.

Паўлючэнка заўважае, што так і не зразумеў фармат гэтай сустрэчы, і адзначае, што падчас размовы «нічога новага, звышнатуральнага» Марыя Калеснікава не сказала.

«Яна была ў масцы»

Са слоў Паўлючэнкі, у яго склалася ўражанне, што Калеснікава была добра падрыхтаваная да сустрэчы, і ён не сказаў бы, што яна была цалкам шчырая.

«У чалавека, які даўно ў палітыцы, ёсць маска. Вось яна была ў масцы. Усмешлівая, нібыта адкрытая, але за гэтым усім хаваўся нейкі цяжар. Напружанасць была. (…) Я, ва ўсякім разе, людзей неяк адносна чытаю. Яна не выглядала шчырай. Яна сапраўды была прыхільная, размаўляла, расказвала, на ўсе пытанні адказвала. Але было відаць, што яе нібыта забрыфавалі, што яна падрыхтавалася, даволі прафесійна адказвала».

Як згадвае Паўлючэнка, літаральна ў некалькіх момантах яна на долю секунды выйшла з сябе, калі ёй задалі непрыемныя пытанні. У тым ліку калі спыталі, ці не шкадуе яна, што быў дваццаты год, і ці не адчувае адказнасці за гэта.

«Мне спадабаўся яе адказ. І я, у прынцыпе, таксама так на яе месцы адказаў бы. Яна сказала: чаму я павінна наогул на сябе гэта прымаць, калі менавіта Лукашэнка ўсіх саджае? Хто людзей мучыць, забівае і саджае, той і вінаваты. Што значыць — «я вінаватая?» І гэта правільны адказ, на мой погляд».

Што супольнага паміж Калеснікавай і рускімі эмігрантамі з Брайтан-Біч

Паўлючэнка акцэнтуе ўвагу на тым, што ён зусім не ўбачыў прысутнасці «рускага свету» ў светапоглядзе Марыі. Але заўважыў зусім іншае.

«Я яе ўбачыў чалавекам безумоўна не «рускага свету». Я яе ўбачыў чалавекам… Вось калі людзі з’язджаюць у эміграцыю, яны фіксуюцца ў разуменні сваёй краіны прыкладна на тым годзе, у якім яны з’ехалі. Вось як савецкія эмігранты на Брайтан-Біч. Яны ў 1970‑я гады выехалі. Дык яны вось з гэтым сваім 70‑м годам, у прынцыпе [і застаюцца] — Хазанава глядзяць, Пугачову слухаюць. (…)

У мяне склалася адчуванне, што Калеснікава, калі яна выехала ў двухтысячныя, прыкладна з тым адчуваннем краіны і сваім уражаннем, як яна бачыць краіну, і засталася. (…)

Вось гэтае разуменне і адчуванне краіны, мне здаецца, у яе дзесьці там, нягледзячы нават на тое, што яна была ў 2020 годзе тварам пратэстаў, што яна пяць гадоў адседзела. (…) Гэта ўсё роўна не мяняе чалавека.

Разуменне краіны ў яе аднекуль з двухтысячных».

«Марыя Калеснікава для Еўропы — цалкам арганічны, свой персанаж, у дошку»

Яшчэ адна важная выснова, якую для сябе зрабіў Паўлючэнка, аналізуючы выказванні Калеснікавай, — гэта блізкасць яе поглядаў да пэўных палітычных партый Германіі.

«Усе яе выказванні — гуманітарны трэк, неабходнасць перамоў, любоў, вось гэта «любіць, любіць, любіць» (яна там новы лозунг абвясціла). Я думаю: што мне гэта нагадвала? Ну які «рускі свет»? Гэта не «рускі свет». А мне гэта нагадала левых у Германіі. (…)

Тыпу сацыял-дэмакраты Германіі. З усім гэтым пацыфізмам, з усёй гэтай зялёнай энергетыкай, левымі праграмамі, антываеннымі ўсякімі штукамі. Што давайце лепш сябраваць, любіць, а не ваяваць. І згодніцкія пазіцыі часам, за якія крытыкавалі папярэдні ўрад Германіі шматразова.

Марыя Калеснікава падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Берліне. 10 лютага 2026 года. Фота: LookByMedia

Вось гэта ў чыстым выглядзе Марыя Калеснікава. І гэта проста, ну як бы кроў ад крыві, плоць ад плоці».

Паўлючэнка тлумачыць, што для Марыі як чалавека сферы культуры такі левы парадак арганічны.

Журналіст згадвае, што і раней казаў: у Калеснікавай вялікія перспектывы ў нямецкай палітыцы.

«Якраз быць часткай левага руху. Левага — у сэнсе сацыял-дэмакратычнага руху. Не лявацкага, а менавіта сацыял-дэмакратычнага. І мне здаецца, што яе трэба менавіта так успрымаць. (…) Яе палітычны бэкграўнд, яе палітычныя погляды — яны пра сацыял-дэмакратаў Германіі двухтысячных, 2010-х».

Паўлючэнка заўважае, што, магчыма, яго меркаванне памылковае і Марыя можа гэта абвергнуць. Аднак у яго склалася ўражанне, што «лепш за ўсё разумець яе, яе палітычную платформу, погляды — праз разуменне таго, што кажуць сацыял-дэмакраты Германіі».

«Сацыял-дэмакраты (…) цалкам сабе мэйнстрымная партыя. І наогул уся Еўропа па сутнасці сацыял-дэмакратычная. Гэта значыць, Марыя Калеснікава для Еўропы — цалкам арганічны, свой персанаж, у дошку. Плюс яна выдатна размаўляе па-нямецку, па-англійску, лёгка пераключаецца, размаўляе яна і па-беларуску», — даводзіць Паўлючэнка.

Чытайце таксама:

Калеснікава расказала, у чыёй кватэры і як яна цяпер жыве

Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала сустрэліся ўпершыню за 5 гадоў ФОТЫ

Калеснікава: «Словы «даўбіць-даўбіць-даўбіць» выклікаюць нейкае шаленства». А яна мела на ўвазе іншае

Каментары да артыкула