Італьянец выпадкова выкінуў у смецце 20 залатых зліткаў
Італьянская паліцыя вярнула мужчыну золата, якое ён выпадкова выкінуў разам з бытавым смеццем. Інцыдэнт адбыўся на поўдні Італіі, піша Reuters.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Пачалося ўсё з таго, што мясцовы жыхар прыйшоў у паліцэйскі ўчастак у горадзе Порта Чэзарэа каля Лечэ і паведаміў, што ў яго знікла скрыначка з 20 залатымі зліткамі. Іх агульны кошт складаў каля 120 тысяч еўра. Пазней высветлілася, што мужчына з неасцярожнасці сам выкінуў золата ў сметніцу.
Праваахоўнікі хутка адсачылі перамяшчэнні мужчыны і прагледзелі запісы з камер назірання. На відэа было відаць, што скрыначка трапіла ў грамадскі кантэйнер на пляжы, а затым разам з іншымі адкідамі была вывезеная на мясцовае прадпрыемства для сартавання смецця.
Пасля некалькіх гадзін старанных пошукаў супрацоўнікі знайшлі пашкоджаную скрыначку. Унутры былі ўсе 20 залатых зліткаў. Золата вярнулі законнаму ўладальніку.
Чытайце таксама:
Махляры выманілі ў пенсіянеркі залатыя зліткі амаль на 220 тысяч рублёў
Мексіканец спрабаваў завезці ў Беларусь каштоўнасці на 40 тысяч рублёў
Грамадзянка Германіі марна спрабавала ўвезці ў Беларусь 15 залатых зліткаў
Беларуска мела 700 грамаў золата, да яе прыйшлі махляры з «праверкай»