Прэм’ерка Даніі: Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб Расіі, бо ў Расіі разумеюць толькі сілу
Падчас выступлення на адной з дыскусій у рамках Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы прэм'ер-міністарка Даніі Метэ Фрэдэрыксэн адкрыта заклікала да перадачы Украіне заходняга дальнабойнага ўзбраення і дачы дазволу на яго неабмежаванае выкарыстанне.
Метэ Фрэдэрыксэн на Мюнхенскай канферэнцыі. Фота: AP Photo/Michael Probst
«Наша праблема ва Украіне заключаецца ў тым, што дагэтуль ёсць чырвоныя лініі ў выкарыстанні заходняга ўзбраення. Мы не можам перамагчы ў вайне, калі рукі будуць звязаныя. Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб тэрыторыі РФ. Мы гэта абмяркоўваем ужо некалькі гадоў», — сказала Метэ Фрэдэрыксэн.
У той жа час яна звярнула ўвагу на пагрозу адзінства НАТА, якая паходзіць ад жадання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўзяць пад кантроль дацкую Грэнландыю:
«Усё, што ставіць пад сумнеў трансатлантычныя адносіны або пагражае саюзнікам, падрывае НАТА.
У нашай гісторыі нам толькі аднойчы прыйшлося задзейнічаць артыкул 5, і гэта адбылося з-за падзей у ЗША. У астатні час мы маглі забяспечваць свабоду, дэмакратыю, росквіт і багацце, спадзеючыся толькі на фармулёўку артыкула 5, таму што ўсе нашы ворагі ведаюць: калі яны нападуць на нас, то нападуць на ўсіх нас.
Магчыма, самае важнае, што мы як палітычныя лідары забяспечваем, — гэта наша адзінства. Таму ставіць пад сумнеў трансатлантычныя адносіны, пагражаць саюзнікам або рабіць што-небудзь, што падарвала б ідэю артыкула пятага, было б пагрозай для ўсіх нас. Таму давайце трымацца разам», — заявіла дацкая прэм'ерка.
Чытайце таксама:
Ціханоўская: Беларускую апазіцыю хацелі б трансфармаваць у расійскую
«Мы пайшлі на шмат кампрамісаў». Зяленскі выказаўся пра саступкі пад ціскам ЗША