БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Rheinmetall: На гэты момант мы вырабляем ужо больш боепрыпасаў, чым ідзе ва Украіну

16.02.2026 / 20:03

Nashaniva.com

Генеральны дырэктар нямецкага абароннага канцэрна Rheinmetall Армін Папергер мяркуе, што вайна ва Украіне не скончыцца ў 2026 годзе. Такое меркаванне ён выказаў 16 лютага ў інтэрв’ю берлінскай медыяплатформе Table Media, піша Deutsche Welle.

Армін Папергер. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

Сваю пазіцыю Папергер аргументаваў тым, што «Расія не зацікаўленая ў заканчэнні вайны». У сувязі з гэтым ён падкрэсліў неабходнасць далейшай дапамогі Украіне, адзначыўшы, што яго прадпрыемства гатовае паставіць Кіеву дадатковую вайсковую тэхніку.

«Мы можам дапамагчы ў многіх галінах. На гэты момант мы вырабляем больш боепрыпасаў, чым прадугледжана ў заключаных з Украінай кантрактах», — паведаміў Папергер.

Ён дадаў, што ў некаторых сферах яшчэ не забяспечана фінансаванне вытворчасці для УСУ. Паводле слоў кіраўніка Rheinmetall, канцэрн мог бы паставіць Кіеву больш гармат СПА, боепрыпасаў і нават больш танкаў, а таксама беспілотнікі.

Як вынікае з даклада Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI), выручка 100 найбуйнейшых у свеце абаронных кампаній ад продажаў узбраенняў і вайсковых паслуг па выніках 2024 года вырасла на 5,9%, дасягнуўшы рэкордных 679 мільярдаў долараў (572 мільярдаў еўра). Аўтары тлумачаць гэта ў тым ліку вайной Расіі супраць Украіны, якая працягваецца.

Вытворцы зброі з Германіі ў 2024 годзе прадэманстравалі адзін з самых значных паказчыкаў па росце выручкі — на 36%. Хутчэй гэты паказчык вырас толькі ў Японіі — на 40%. Чатыры нямецкія кампаніі ўвайшлі ў сусветны топ-100, прычым лідарам стаў менавіта Rheinmetall. З выручкай ад вайсковых продажаў 8,2 мільярда еўра (плюс 47% за год) ён заняў 20‑е месца ў агульным спісе.

Чытайце таксама:

У Літве пачалі будаваць завод боепрыпасаў ад нямецкага Rheinmetall

Патрэбы НАТА мяняюць эканоміку Еўропы. Але еўрапейскай абаронцы не хапае шэрагу крытычна важных прадуктаў

За два гады Еўропа ў шэсць разоў нарасціла вытворчасць боепрыпасаў

У Германіі адкрываюць самы буйны завод боепрыпасаў у Еўропе

Танкі замест аўтамабіляў. ВПК замяняе аўтапрамысловасць у якасці галоўнага рухавіка эканомікі Германіі

Каментары да артыкула