Звольнілі дырэктара заказніка «Выганашчанскае». Яму адгукнулася сітуацыя з забойствам ваўка палкай
Стала вядома, што з сённяшняга дня не працуе Сяргей Габец — ужо былы дырэктар рэспубліканскага заказніка «Выганашчанскае», што ў Івацэвіцкім раёне. Гэта непасрэдны працяг і вынік скандальнай гісторыі, якая адбылася ў гэтым заказніку восенню мінулага года.
Сяргей Габец. Фота: «Планета Беларусь»
Пра гісторыю стала вядома ў сярэдзіне верасня. У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім супрацоўнік заказніка «Выганашчанскае» палкай забівае кульгавае ваўчаня на вачах у дзіцяці.
Відэа трапіла ў сацсеткі пасля таго, як мужчына сам адправіў запіс знаёмаму паляўнічаму.
Тады кадры здарэння выклікалі рэзананс: частка каментатараў патрабавала пакараць мужчыну, аднак некаторыя палічылі, што жывёла магла быць небяспечнай і хварэць на шаленства.
Дырэктар заказніка Сяргей Габец заяўляў, што супрацоўнік дзейнічаў правільна, а Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паабяцала правесці праверку.
Экспертыза паказала, што воўк на шаленства не хварэў.
Пасля паведамлялася, што суд пакараў супрацоўніка заказніка Аляксандра Іванова штрафам. Мужчына абскардзіў рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі, і яно было адменена.
Цяпер жа стала вядома, што ў выніку дырэктару заказніка Сяргею Габцу не працягнулі працоўны кантракт, і мінулы тыдзень стаў для яго апошнім на пасадзе. Разам з ім пакінулі працу ў заказніку Аляксандр Іваноў і некаторыя іншыя супрацоўнікі.