БЕЛ Ł РУС

На карыбскім востраве выпрабоўваюць інавацыйную сістэму хвалевай энергетыкі і апраснення вады

21.02.2026 / 23:22

Nashaniva.com

У астраўной карыбскай дзяржаве Барбадас стартуе пілотны праект па выкарыстанні энергіі акіянічных хваль. Дацкая кампанія Wavepiston плануе запусціць камерцыйную ўстаноўку магутнасцю 50 мегават, якая будзе выпрацоўваць не толькі электраэнергію, але і прэсную ваду, паведамляе выданне New Atlas.

Фота: Wavepiston

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж урадам Барбадаса (праз агенцтва Export Barbados) і дацкай фірмай пасля некалькіх месяцаў папярэдніх даследаванняў. Праект стане важным крокам ад тэарэтычных разлікаў да рэальнага ўкаранення тэхналогіі ў Карыбскім рэгіёне.

Асновай распрацоўкі з’яўляецца доўгая гнуткая канструкцыя — так званая «нітка» даўжынёй каля 350 метраў, замацаваная ў моры. Уздоўж яе размешчаныя модулі — зборшчыкі энергіі. Кожны з іх абсталяваны невялікім падводным «ветразем», які рухаецца пад уздзеяннем хваль.

Гэты рух прыводзіць у дзеянне гідраўлічную помпу, што нагнятае марскую ваду пад высокім ціскам. Далей вада па трубаправодзе паступае на цэнтральную станцыю, дзе альбо круціць гідратурбіну і выпрацоўвае электрычнасць, альбо накіроўваецца ў сістэму для апраснення і атрымання пітной вады.

Фота: Wavepiston

Дзякуючы таму, што модулі рухаюцца не адначасова, паток вады пад ціскам атрымліваецца стабільным. Акрамя таго, канструкцыя часткова кампенсуе нагрузкі ад хваль, што робіць яе больш устойлівай і менш дарагой у абслугоўванні.

Энергія хваль лічыцца адной з самых стабільных аднаўляльных крыніц — у адрозненне ад сонца і ветру, яна менш залежыць ад змен надвор’я. Пры гэтым тэхналогія павінна адпавядаць строгім экалагічным патрабаванням.

Фота: Wavepiston

Па выніках папярэдніх выпрабаванняў, негатыўнага ўплыву на марскія экасістэмы не выяўлена — у некаторых месцах нават адзначана павелічэнне колькасці марскіх арганізмаў каля ўстановак.

Для Барбадаса праект мае стратэгічнае значэнне. Краіна імкнецца дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2030 года і ўжо інвестуе ў сонечную, ветравую энергетыку і сістэмы назапашвання энергіі. Новая хвалевая станцыя павінна ўмацаваць энергетычную незалежнасць краіны, забяспечыць ёй дадатковыя запасы пітной вады, стварыць новыя працоўныя месцы і зрабіць Барбадас рэгіянальным цэнтрам хвалевай энергетыкі.

Чытайце таксама:

Каб забяспечыць свае дата-цэнтры, амерыканскія тэхнагіганты будуюць «ценявую энергасістэму»

Што такога адбываецца ў эканоміцы, што Лукашэнка то ашчаджае на электрычнасці, то хоча скараціць чыноўнікаў?

Rheinmetall прапануе падрыхтаваць сотні модульных заводаў па вырабе паліва з вадароду. Яны ўратуюць у выпадку жорсткай вайны з Расіяй

Каментары да артыкула