БЕЛ Ł РУС

У Мінску аб'явілі пра планы стварыць сквер на былых каталіцкіх могілках. Але там ужо даўно ідзе будаўніцтва

23.02.2026 / 22:33

Nashaniva.com

План, які прапанавалі да абмеркавання, састарэў, але ён паказвае, як павінен быў выглядаць квартал, дзе знаходзіцца касцёл. Усё раптам змянілася з-за будаўніцтва сакрэтнага аб'екта, піша Katolik.life.

Адміністрацыя Савецкага раёна Мінска аб'явіла грамадскае абмеркаванне ўнясення зменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі жылога квартала «Залатая Горка». Яно стартуе 26 лютага.

Як заўважыў Katolik.life, да аб'явы прымацаваная Тлумачальная запіска дэталёвага плана, датаваная яшчэ 2023 годам. Дакумент паказвае, у прыватнасці, як павінен выглядаць квартал «Б» у межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Казлова, бульвара Мулявіна і вуліцы Залатая Горка, дзе знаходзіцца касцёл святога Роха.

У плане прадугледжаны сквер плошчай 1,65 га ў зоне паўднёва-заходняй ускраіны квартала «Б» на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак.

Але выглядае так, што дакумент састарэў. Верагодна, сквер павінен знаходзіцца на пустцы, дзе ў 2025 годзе раптоўна пачалі будаваць будынак для Акадэміі КДБ.

Расказваючы пра план, адзначалася, што сквер павінен быць на месцы знесенай антэны-глушылкі за касцёлам і на суседніх участках. Сапраўды, іншага месца такой плошчы ў квартале «Б» не відаць.

Аднак пры гэтым выпушчана з-пад увагі, што ўся пустка ў 2025 годзе была аддадзеная пад узвядзенне вялікага аб'екта, які ў пашпарце пазначаны як «будынак шматфункцыянальны», а на самай справе з'яўляецца новым будынкам акадэміі КДБ.

У плане ж прапісана «захаванне наяўных і будаўніцтва дадатковых новых участкаў зялёных насаджэнняў агульнага карыстання, у тым ліку сквера пл. 1,65 га ў зоне паўднёва-заходняй ускраіны квартала «Б» на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак з выкарыстаннем гэтага ўчастка ў якасці зялёных насаджэнняў агульнага карыстання і ўпарадкаваннем пад адкрытым небам часовых нестацыянарных элементаў выставачнага характару».

Тое, што план страціў актуальнасць, добра відаць на картах Google — спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі месца будоўлі. Ніжэй прыводзяцца скрыншоты актуальнай карты ў параўнанні з захаванымі панарамнымі фота.

Да таго, як частку ўчастка, аддадзенага пад будаўніцтва, забралі ў парафіі, там былі пляцоўка для дзяцей, экспазіцыя рэтра-аўтамабіляў, сквер, дарожкі, пляцоўка, на якой праводзілі агульнагарадскі Крыжовы шлях.

Зараз у абноўленай кадастравай карце за касцёлам замацаваны ўчастак плошчай толькі 0,35 га.

Раней паведамлялася, што ў пачатку будаўніцтва на месцы былых могілак з зямлі былі паднятыя шматлікія чалавечыя парэшткі. Іх абяцалі перадаць парафіі для перапахавання, але гэта пакуль не зроблена, наколькі вядома вернікам. Яны спадзяюцца, што гэта ўсё ж адбудзецца.

У плане таксама гаворыцца пра перспектыву зносу малапавярховых будынкаў і гаражоў, размешчаных на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак. Але тыя будынкі і гаражы, якія знаходзіліся паблізу касцёла і глушылкі, ужо былі знесеныя разам з ёй дзеля будаўніцтва таго самага аб'екта.

Чытайце таксама:

Гіганцкі катлаван замест магіл. Вось як выглядае будоўля Акадэміі КДБ на Залатой Горцы

У ціхі квартал у цэнтры Мінска прыдуць перамены. Там будзе вялізны сквер, цэнтр сучаснага мастацтва і паркінг

У Мінску з’явяцца два новыя каталіцкія храмы

Каментары да артыкула