БЕЛ Ł РУС

«Вельмі настойліва працуем»: Трамп зрабіў новую заяву пра заканчэнне вайны ва Украіне

25.02.2026 / 08:37

Nashaniva.com

Паводле слоў прэзідэнта ЗША, на вайне ва Украіне штомесяц гінуць 25 тысяч салдат.

Фота: Kenny Holston-Pool/Getty Images

Дональд Трамп заявіў, што яго краіна настойліва працуе над завяршэннем вайны РФ супраць Украіны. Пра гэта ён сказаў падчас выступлення на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Кангрэса, паведамляе Reuters.

Трамп чарговы раз нагадаў, што, на яго думку, вайна ніколі б не пачалася, калі б ён быў прэзідэнтам.

«І мы вельмі настойліва працуем, каб скончыць гэтую жудасную вайну, забойствы і разню паміж Расіяй і Украінай, дзе дваццаць пяць тысяч салдат гінуць штомесяц. Падумайце пра гэта — дваццаць пяць тысяч салдат гінуць кожны месяц. Вайна, якой ніколі б не было, калі б я быў прэзідэнтам», — падкрэсліў амерыканскі лідар.

Раней спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф растлумачыў, пры якіх умовах Украіна і РФ могуць заключыць мірнае пагадненне. Паводле яго слоў, не можа быць ніякай мірнай дамовы, пакуль украінцы не будуць адчуваць, што канфлікт не паўторыцца зноў.

«І нашы пратаколы бяспекі распрацаваныя для таго, каб людзі мелі моцнае адчуванне, што яны змогуць жыць у міры, мець будучыню для сваіх дзяцей, не сутыкацца з такім гвалтам паміж дзвюма краінамі і што гэты канфлікт больш ніколі не паўторыцца», — адзначыў Уіткаф.

У той жа час прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на чуткі пра новы дэдлайн для завяршэння вайны ад Трампа. Ён падкрэсліў, што Украіна заўсёды падтрымлівала хуткі трэк, гэта значыць хуткае заканчэнне вайны.

«Што да 4 ліпеня, што ЗША або прэзідэнт Трамп хочуць скончыць вайну. Я магу толькі падтрымаць, калі пра гэта сказаў прэзідэнт ЗША. Для мяне гэта новая інфармацыя», — адзначыў Зяленскі.

Чытайце таксама:

Уіткаф анансаваў трохбаковыя перамовы «на працягу 10 дзён»

Вашынгтон паставіў новую дату завяршэння вайны ва Украіне — Bloomberg

«Уся справа ў адной асобе»: Зяленскі звярнуўся да Трампа з адной просьбай

Каментары да артыкула