Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?
Знайсці вакцыну ў краіне не вельмі проста, а грошай трэба падрыхтаваць багата.
З мінулага года ў Беларусі прышчэпку супраць ВПЧ-інфекцыі афіцыйна ўключылі ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак.
За гэта беларускі змагаліся даволі доўга. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Беларусі сярод гінекалагічных анказахворванняў рак шыйкі маткі знаходзіцца на другім месцы, а кожны дзень ад яго ў краіне памірае адна жанчына.
У жанчын, інфікаваных вірусам папіломы чалавека, рызыка захварэць на рак шыйкі маткі павялічваецца ў 100 разоў. Краіны, якія пачалі рабіць вакцынацыю жанчын ад ВПЧ, змаглі знізіць узровень інфікаванасці самымі небяспечнымі тыпамі ВПЧ (16 і 18) на 80%.
У Беларусі цяпер дзяўчынкам 11‑12 гадоў можна зрабіць гэтую прышчэпку бясплатна.
Дарослыя жанчыны (ва ўзросце да 45 гадоў) могуць прышчапіцца за свае грошы. Якія ж ёсць варыянты? Выкарыстоўваюцца вакцыны «Цэкалін» (гэта кітайская бівалентная вакцына, якая абараняе ад анкагеных тыпаў 16 і 18 — менавіта яны часцей за ўсё правакуюць рак шыйкі маткі), «Гардасіл-4» (еўрапейская, абараняе ад 4 анкагеных тыпаў) і «Гардасіл-9» (адпаведна, абараняе ад 9 анкагенных тыпаў).
Дзяўчат бясплатна прышчапляюць «Цэкалінам» — ім неабходна атрымаць дзве дозы. Пасля 15 і да 45 гадоў прышчэпак робяць ужо тры.
У беларускіх медыцынскіх установах чатырохкампанентны «Гардасіл» каштуе каля 400 рублёў за прышчэпку, дзевяцікампанентны — каля 800 рублёў. То-бок за поўны курс трэба заплаціць 1200 ці 2400 рублёў.
Але знайсці вакцыну не вельмі проста — неабходна самастойна тэлефанаваць у розныя ўстановы аховы здароўя. Адна з чытачак «Нашай Нівы» звярнулася ў некалькі буйных прыватных медыцынскіх цэнтраў у Мінску — «Ладэ», «Нардын» і «Еву». Вакцын ад ВПЧ там не было. Калі будуць пастаўкі, падказаць не могуць.
Раней у тэматычных суполках беларускі дзяліліся досведам, дзе змаглі зрабіць прышчэпкі ад ВПЧ. У сталіцы «Гардасілам» прышчаплялі ў МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Мінскім абласным цэнтры імунапрафілактыкі, Мінскім раённым цэнтры імунапрафілактыкі і некаторых паліклініках.
У некаторых установах аховы здароўя прапаноўваюць запісацца ў ліст чакання вакцыны ад ВПЧ.
Чытайце таксама:
Колькім дзяўчынкам ужо ўвялі вакцыну супраць віруса папіломы чалавека
Прышчэпку ад віруса папіломы чалавека плануюць рабіць і хлопчыкам
Якія прышчэпкі патрэбны дарослым, і з якой перыядычнасцю іх ставіць