Камандзір «Азова» Пракапенка стаў генералам
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі прысвоіў вайсковае званне брыгаднага генерала камандзіру 1‑га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў» Дзянісу Пракапенку, паведамляе «Суспільне».
Дзяніс Пракапенка
Дзяніс Пракапенка разам са сваімі падраздзяленнем у пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны тры месяцы абараняў Марыупаль на тэрыторыі прадпрыемства «Азоўсталь». 16 мая 2022 года Пракапенка паведаміў пра загад вышэйшага кіраўніцтва спыніць абарону Марыупаля, каб захаваць жыцці вайскоўцаў гарнізона. 17 траўня Пракапенка атрымаў асколачнае раненне, а 20 траўня разам з камандаваннем пакінуў «Азоўсталь» і здаўся ў палон.
21 верасня 2022 года Пракапенку вызвалілі падчас абмену палоннымі ды інтэрнавалі ў Турцыі. Паводле папярэдніх дамоўленасцяў, ён павінен быў заставацца ў Турцыі да канца вайны, але 8 ліпеня 2023 года вярнуўся ва Украіну пасля сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Турцыі.
Пасля вяртання Пракапенка аднавіў службу ў брыгадзе «Азоў», прайшоў рэабілітацыю і зноў узначаліў падраздзяленне, якое са жніўня 2023 года выконвае баявыя задачы на Данбасе.
Чытайце таксама:
«Мы абавязкова яшчэ скажам сваё слова ў баі» — камандзір «Азова» Пракапенка
Камандзір «Азова»: Гэтая вайна надоўга, заклікаю ўсіх зрабіць свядомы выбар і ўзяць у рукі зброю