БЕЛ Ł РУС

Што за Zorki? Патэсцілі новы беларускі дадатак для знаёмстваў

9.03.2026 / 09:00

Міра Нікановіч

У Беларусі з’явіўся дэйтынгавы дадатак, і нават з беларускай мовай карыстання. Мы паглядзелі, што з сябе ўяўляюць Zorki, і так і не зразумелі, навошта сцягваць гэты дадатак.

Фота: Zorki — знаёмствы і сустрэчы / App Store

Мяркуючы з сацсетак, праграма з'явілася на рынку некалькі месяцаў таму. 

Аўтары дадатка вырашылі ўлічыць сумны досвед папярэднікаў. Рэч у тым, што дэйтынгавыя дадаткі па ўсім свеце ўжо не першы год перажываюць крызіс. Каб дамагчыся ў гэтых праграмах рэальнай камунікацыі, трэба прадзірацца праз бясконцыя старонкі кандыдатаў ці кандыдатак на ваша сэрца, якія трэба свайпаць (змахваць) у правільны бок. І дзе тут індывідуальнасць? 

Калі вы таксама камусьці спадабаецеся і вас свайпнуць, можна будзе распачаць дыялог. Праўда, не дзівіцеся, калі на ваша першае ці дзясятае паведамленне не адкажуць, на дамоўленае спатканне не прыйдуць, а калі і прыйдуць, то вашы погляды на адносіны будуць кардынальна адрознівацца ад поглядаў патэнцыйнага партнёра ці партнёркі. Ды і знайсці чалавека, гатовага да сур’ёзных адносін, хутчэй за ўсё, будзе складана.

Каб хоць трохі палегчыць сітуацыю, у Zorki прапануюць даваць пра сябе дадатковую інфармацыю. Перш за ўсё, можна будзе пазначыць, які партнёр вам трэба: доўгатэрміновы, кароткатэрміновы, толькі сябар або «проста павесяліцца» — хутчэй за ўсё, тут маецца на ўвазе партнёр для адзінкавага сэксу.

Скрын: Zorki

Таксама можна паставіць у профілі месца вучобы ці працы, расказаць пра наяўнасць дзяцей і пра тое, хто вы па тэмпераменце: сангвінік, халерык, меланхолік ці флегматык.

Яшчэ адзін цікавы раздзел мае назву «жыццёвыя пазіцыі», але не чакайце, што тут вам прапануюць расказаць пра ваш багаты ўнутраны свет. Пад жыццёвымі пазіцыямі аўтары дадатку маюць на ўвазе стаўленне да спорту, алкаголю і курэння — маўляў, як часта гэтыя з’явы прысутнічаюць у вашым жыцці.

Скрын: Zorki

Можна таксама пазначыць інтарэсы — ад рэстаранаў і хакею да інвестыцый і сальсы. А таксама, як і ў іншых дэйтынгавых дадатках, трохі расказаць пра сябе ў свабоднай форме.

Скрын: Zorki

Хаця ў дадатку і ёсць беларуская мова, але ж пераклад зроблены не цалкам. Напрыклад, калі вы захочаце апісаць сваё стаўленне да спорту, давядзецца абіраць з рускамоўных варыянтаў «спортсмен», «каждый день», «не занимаюсь», «часто».

Цікавая фішка — раздзел «інтарэсы». Там профілі карыстальнікаў падзеленыя на шэсць катэгорый: падарожнікі, спартсмены, меламаны, гурманы, айцішнікі і бізнэс. 

Скрын: Zorki

Калі не дазваляць дадатку бачыць вашу геалакацыю, праграма будзе падкідваць вам анкеты карыстальнікаў з розных гарадоў, мястэчак і нават краін. У дадатку ёсць унутраная «валюта», манеты, і за адзін свайп можна атрымаць 0,1 ад гэтай манеты — праўда, азарту гэта не дадае.

Аўтары дадатку апісваюць яго як праграму для тых, хто стаміўся ад бясконцых перапісак і хоча глыбіні, але не прапануюць для гэтага нічога прынцыпова новага. Акрамя гэтага, яны абяцаюць ідэі для спатканняў. Гэта няблага, вось толькі ў самім дадатку так і не атрымалася знайсці адпаведны раздзел. Яшчэ абяцаюць актыўна змагацца з ботамі і фэйкамі.

Калі карыстаешся праграмай, не пакідае адчуванне, што анкет у ёй вельмі мала. Напрыклад, дадатак па другім коле прапануе карыстальнікаў, якіх ты ўжо ацаніў, або хутка пачынае падкідваць анкеты людзей не твайго ўзросту.

Вядома, для маладога дадатку мець мала карыстальнікаў — гэта не страшна, але ж незразумела, чаму Zorki мусяць узляцець. Дадатак мае тую ж хваробу, як і яго больш славутыя канкурэнты, ды і амаль не адрозніваецца ад іх. Карыстанне ім, нібыта карыстанне тым жа тындарам, падобнае да вымотвальнай працы па пошуку свайго чалавека, і не кожны гатовы на гэта выдаткаваць час.

Да таго ж, Zorki спрабуюць зайсці на рынак, дзе ўжо шмат гадоў працуюць іх больш славутыя канкурэнты. Ёсць і дадаткі, дзе можна падбіраць партнёра па інтарэсах і па мэтах у адносінах. Верагодна, праграму чакае забыццё, і хуткае, калі беларусы не паспрабуюць стварыць нешта прынцыпова новае — вядома, калі гэта магчыма.

Чытайце таксама:

Іван Краўцоў напісаў навуковы артыкул пра каханне, у якім падзяліўся ўласным досведам

А вось і не ў 20. Калі мужчыны насамрэч дасягаюць піку сэксуальнага жадання?

Што каштоўнейшае для людзей, сэкс ці блізкасць? Даследчыкі пераконваюць, што блізкасць перамагае, бо яе нельга купіць

Каментары да артыкула