«Драгічынскае мора»: у горадзе падтапіла месцы, дзе раней не прыбралі снег
Драгічын пасля адлігі ператварыўся ў «горад на вадзе»: на вуліцах разліліся патокі. Жыхары жартуюць, што замест аўтобусаў патрэбныя лодкі, піша BGmedia.
Драгічын пасля адлігі. Фота мясцовых жыхароў у TikTok
З канца лютага па ўсёй Беларусі пачалася адліга пасля моцных маразоў. На 27‑28 лютага ў Брэсце, напрыклад, абяцаюць да 8‑10 градусаў цяпла, што адчувальна палягчае жыццё жыхарам пасля доўгіх халадоў.
Гэтае пацяпленне закранула і іншыя гарады вобласці, такія як Драгічын, дзе мясцовыя жыхары напоўніцу адчулі наступствы адлігі. Некаторыя вуліцы горада, дзе снег не быў добра ачышчаны і вывезены, ператварыліся ў суцэльныя рэкі, што выклікала цяжкасці для пешаходаў і аўтамабілістаў.
Як выглядае школьны стадыён Драгічына пасля тэмпературнай адлігі. Фота мясцовага жыхара ў TikTok
У тыктоку пачалі з’яўляцца відэа і фотаздымкі з розных вуліц горада, якія зрабіліся непраходнымі. Асабліва вылучыліся месцы каля сярэдняй школы №1, гарадскога стадыёна і паблізу крам, дзе вада засталася на некалькі дзён і значна ўскладніла перамяшчэнне.
У каментарах пад ролікамі людзі не хаваюць іроніі і нават абурэння, адзначаючы, што па гарадскіх вуліцах часам лепш было б перасоўвацца на лодцы.
Скрыншоты з відэа жыхара Драгічына ў TikTok
«Драгічынскае мора».
«Улады павінны замест аўтобусаў лодкі падганяць».
«Адразу зразумела, што вясну трэба сустракаць у ботах па вушы, як у рыбака».
«Радуйцеся, новы аквапарк».
«О, так. Я сёння не магла прайсці каля сярэдняй школы №1».
Чытайце таксама:
На Брэстчыне ўжо пачаліся вясновыя паводкі ВІДЭА
На некаторых рэках лёд ужо хутка растае
У Беларусі рыхтуюцца да вясновай паводкі
Белгідрамет папярэдзіў пра магчымасць вялікай вясновай паводкі