У Амстэрдаме аб'явілі пра знаходжанне раней страчанай карціны Рэмбранта
Супрацоўнікі музея «Рэйксмюсэум» (Rijksmuseum) у Амстэрдаме 2 сакавіка паведамілі, што знайшлі страчаную калісьці карціну Рэмбранта. Сапраўднасць палатна аднаго з вядучых майстроў еўрапейскага мастацтва XVII стагоддзя ўдалося пацвердзіць з дапамогай перадавых тэхналогій сканавання і стылістычнага аналізу, піша Бі-бі-сі.
Фота: Kelly Schenk / Rijkmuseum
Гаворка ідзе пра працу 1633 года «Відзеж Захарыі ў храме». Яе месцазнаходжанне заставалася невядомым з 1961 года, калі карціну набыў прыватны калекцыянер. Нядаўна цяперашні ўладальнік звярнуўся ў музей, пасля чаго спецыялісты правялі двухгадовае даследаванне.
Эксперты ўстанавілі, што выкарыстаныя фарбы адпавядаюць тым, якія Рэмбрант ужываў у іншых работах таго перыяду. Манера нанясення слаёў, кампазіцыйныя асаблівасці і ўнесеныя мастаком змены таксама супадаюць з яго аўтарскім стылем. Аўтэнтычным прызналі і подпіс на карціне. Аналіз драўлянай панэлі пацвердзіў, што пазначаная дата — 1633 год — сапраўдная.
На палатне адлюстраваны біблейскі сюжэт з Евангелля паводле Лукі — з’яўленне арханёла Гаўрыіла першасвятару Захарыі з весткай пра нараджэнне сына, будучага Яна Хрысціцеля. Сам арханёл непасрэдна не паказаны, але яго прысутнасць сімвалізуе святло, што сыходзіць з верхняга правага кута. Рэмбранту на момант стварэння карціны было 27 гадоў.
Дырэктар музея адзначыў высокую мастацкую якасць працы і падкрэсліў, што ў гэтым творы адчуваецца асаблівая ўвага і глыбіня, укладзеная мастаком.
Цяпер карціна перададзеная музею ў доўгатэрміновае карыстанне і ў найбліжэйшыя дні стане даступнай для наведвальнікаў.
Чытайце таксама:
У Мінску быў свой шэдэўр Альбрэхта Дзюрэра. Дзе ён цяпер?
Два ўнікальныя партрэты Рэмбранта прададзеныя за $14 мільёнаў. Два стагоддзі пра іх ніхто не памятаў
Дом-музей Рэмбранта ў Амстэрдаме арыгінальным спосабам прываблівае моладзь