Культура99

У Мінску быў свой шэдэўр Альбрэхта Дзюрэра. Дзе ён цяпер?

Адна з добра вядомых жывапісных работ нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра, «Партрэт венецыянкі», некалі захоўвалася ў рэзідэнцыі роду Ваньковічаў на Міншчыне. Яшчэ ў 1918 годзе палатно разам з творамі Рэмбранта, Гальбейна і Брэйгеля выстаўлялася ў Мінску, але цяпер знаходзіцца ў калекцыі аднаго з заходніх музеяў. «Мінскі Дзюрэр» быў нават на банкнотах нямецкіх марак, але ў Беларусі пра карціну нічога не ведаюць.

«Партрэт венецыянкі» працы Альбрэхта Дзюрэра. 1505 г. З калекцыі Музея гісторыі мастацтваў у Вене. Фота: Wikimedia Commons

Пра сваю колішнюю знаходку ўзгадаў сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, які нарэшце пабачыў карціну на свае вочы ў экспазіцыі Венскага музея гісторыі мастацтваў. 

Некалькі гадоў таму ён нечакана выявіў, што адна з найважнейшых і найвядомейшых прац Альбрэхта Дзюрэра, «Партрэт венецыянкі» 1505 года, у пачатку мінулага стагоддзя яшчэ захоўвалася ў адной з рэзідэнцый Ваньковічаў на Міншчыне. Гэта змяняе ўяўленне пра каштоўнасць мастацкіх збораў, сабраных мясцовай шляхтай.

Мінскае кола і мінская выстава

У 1916 годзе ў Мінску пачало дзейнічаць мясцовае аддзяленне Варшаўскага таварыства аховы здабыткаў мінулага — так званае Мінскае кола. У разгар Першай сусветнай вайны яго ўдзельнікі ездзілі па сядзібах і рэзідэнцыях Міншчыны, апісвалі і часткова збіралі гістарычныя і мастацкія каштоўнасці. Частку твораў набывалі, частку бралі на дэпазіт.

Гэта мела не толькі навуковы, але і практычны сэнс: каштоўнасці маглі знікнуць падчас эвакуацыі ўглыб Расійскай імперыі, а пасля — у віры рэвалюцыі, гвалту і рабаўніцтва. Зборы Мінскага кола ўрэшце апынуліся ў фондах Нацыянальнага музея ў Варшаве, куды іх вывезлі ў 1919—1920‑х гадах. Добра прасочваецца лёс многіх твораў мясцовых майстроў — Дамеля, Рустэма, Смуглевіча, Пешкі і іншых.

Жаночы партрэт працы Альбрэхта Дзюрэра ў нумары часопіса «Tygodnik Ilustrowany» за 1918 год

Але важнай часткай гэтага праекта стала і фотаінвентарызацыя шляхецкіх калекцый Міншчыны. Менавіта ў нумарах 21—22 часопіса «Tygodnik Ilustrowany» за 1918 год, у публікацыі пра дзейнасць Мінскага кола, Ластоўскі натрапіў на чорна-белы здымак жаночага партрэта з подпісам, які адназначна прыпісваў яго Альбрэхту Дзюрэру.

У самім тэксце імя Дзюрэра згадваецца толькі аднойчы — у радку, дзе разам з ім стаяць Рэмбрант, Гальбейн і Брэйгель. Менавіта творы гэтых еўрапейскіх майстроў, раней невядомыя даследчыкам, супрацоўнікі Мінскага кола выявілі ў шляхецкіх зборах на Міншчыне.

Рэтраспектыўная выстава ў Мінску. Партрэт працы Дзюрэра вісіць на здымку злева ўнізе

Партрэт Дзюрэра можна бачыць і на агульнай фатаграфіі памяшкання, дзе ў 1917—1918 гадах у Мінску праводзілася рэтраспектыўная выстава польскага мастацтва, арганізаваная Мінскім колам. На тым жа здымку прысутнічаюць і вядомыя мінскія мастакі — Генрых Вайсенгоф і Зянон Ленскі.

Але гэты жаночы партрэт аказаўся не нейкай загадкавай карцінай, страчанай у наступныя дзесяцігоддзі, а добра вядомай сёння працай, якая фігуруе пад назвай «Партрэт венецыянкі» і цяпер захоўваецца ў калекцыі Венскага музея гісторыі мастацтваў.

Разгадка таго, як твор Дзюрэра перамясціўся з Мінска ў Вену, відавочна, крыецца ў правенансе, прыведзеным на сайце музея: у 1923 годзе карціну набылі ў яе ўладальніка — Вітальда Клеменса Ваньковіча.

Хто такі Вітальд Клеменс Ваньковіч

Пра гэтага чалавека вядома даволі шмат. Ён нарадзіўся ў 1888 годзе ў Варшаве, але ўжо ў 1898‑м канфірмаваны ў Мінскім кафедральным саборы. Паходзіў з лініі роду, якой належалі маёнткі ў Ігуменскім павеце — Шыпяны, Смілавічы і Алесіна.

Яго бацька, Павел Ваньковіч, узначальваў Раду роду Ваньковічаў і Таварыства ўзаемнай дапамогі дваран Ваньковічаў. Сам Вітальд атрымаў добрую адукацыю — вучыўся ў Кембрыджскім універсітэце, пасля ў адроджанай польскай дзяржаве зрабіў хуткую дыпламатычную кар’еру.

Консул польскай амбасады ў Вашынгтоне, Вітальд Клеменс Ваньковіч, пасля візіту да дзяржаўнага сакратара ЗША ў 1938 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Гэта дае падставы сцвярджаць: калі вядомы сёння «Партрэт венецыянкі» быў набыты венскім музеем менавіта ў Ваньковіча, то перад тым карціна, хутчэй за ўсё, знаходзілася ў адной з ягоных рэзідэнцый на Міншчыне.

На жаль, па апісаннях маёнткаў, апублікаваных польскім даследчыкам Раманам Афтаназі, пакуль немагчыма вызначыць дакладнае месца, дзе магла захоўвацца карціна, але найбольш верагодна, што гэта былі Мінск, Сляпянка або Смілавічы. 

Ад Міншчыны да Венскага музея

У 1919—1920 гадах, калі бальшавікі распачалі наступ на тэрыторыі, занятыя польскім войскам, і ўрэшце занялі Мінск, карціна Дзюрэра разам з іншымі сямейнымі каштоўнасцямі роду Ваньковічаў была вывезеная ў Варшаву.

Перамяшчэнне сямейных каштоўнасцяў паміж Мінскам і Варшавай юрыдычна было цалкам законным. Іншая справа — продаж значных твораў мастацтва за межы Польшчы. Тут гісторыя выглядае больш цьмянай.

У інтэрнэце існуе байка пра тое, што нібыта пры атрыбуцыі карціны не распазналі Дзюрэра, чым скарыстаўся нейкі маклер Шварц, які выкупіў яе за невялікую суму, а пасля перапрадаў яе «берлінскаму музею» ці ў Вену.

«Партрэт венецыянкі» працы Альбрэхта Дзюрэра ў экспазіцыі Музея гісторыі мастацтваў у Вене. Фота: Wikimedia Commons

Аднак гэтая версія не супадае з фактамі: паводле музейных запісаў, карціну венскаму музею прадаў не міфічны Шварц, а сам Вітальд Клеменс Ваньковіч.

Ластоўскі прапануе іншую, больш прыземленую версію. Пасля Рыжскай мірнай дамовы прадстаўнікі роду Ваньковічаў фактычна страцілі свае радавыя маёнткі, якія засталіся па той бок мяжы з Савецкай Беларуссю. Каб забяспечыць сваё існаванне, ім трэба мець сродкі. Продаж карціны Дзюрэра становіцца адным з відавочных рэсурсаў.

Дыпламатычны статус Вітальда Ваньковіча мог значна спрасціць вываз каштоўнасці ў Вену без лішніх пытанняў і экспертыз. Пры гэтым, мяркуючы па запісах, былі зроблены крокі, каб заблытаць правенанс: у венскіх дакументах партрэт пазначаны як твор з уласнасці «літоўскай» арыстакратычнай сям’і.

На двары 1923 год, Польшча і Літва знаходзяцца ў стане пастаяннага канфлікту, а Ваньковіч — польскі дыпламат. Таму згадка пра «літоўскую сям’ю» выглядае не данінай гістарычнай «ліцвінскасці», а спробай схаваць сапраўдных прадаўцоў і пазбегнуць скандалу, звязанага з вывазам каштоўнасці.

Аналогію Ластоўскі бачыць у паводзінах Альбрэхта Радзівіла, які ў 1920‑я гады распрадаваў даспехі з Нясвіжскай збраёўні на брытанскіх аўкцыёнах пад пазнакай «зброя невядомага рускага князя».

У тым выпадку схаваць сляды не ўдалося: у Польшчы разгарэўся маштабны скандал. У выпадку з Ваньковічам продаж карціны Дзюрэра прайшоў значна цішэй, хоць з пункту гледжання законаў і статусу культурных каштоўнасцяў таксама быў праблемным.

«Атлантыда» шляхецкіх калекцый

Гісторыя з Дзюрэрам паказвае агульную сітуацыю з даследаванасцю мастацкіх калекцый на тэрыторыі Беларусі. Усё, што збіралі мясцовыя роды, — ад жывапісу і скульптуры да зброі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — у значнай ступені застаецца «невядомай зямлёй» для беларускай навукі.

«Партрэт венецыянкі» працы Альбрэхта Дзюрэра на банкноце наміналам 5 нямецкіх марак.

Сярод багатых мастацкіх калекцый, якія дагэтуль не вывучаны, можна назваваць галерэю Оштарпаў у Дукоры, калекцыю Ленскіх у Суле, зборы Генрыка Вайсенгофа ў Русаковічах. Нават калекцыя Юрыя Кабылінскага ў Мінску, фактычна першы вядомы музейны збор у беларускай сталіцы, дагэтуль не быў сістэмна даследаваны. 

Ластоўскі параўноўвае ўсе гэтыя незадакументаваныя калекцыі з Атлантыдай.

Пакуль можна толькі канстатаваць, што ў пачатку ХХ стагоддзя на Міншчыне захоўваўся адзін з прызнаных шэдэўраў сусветнага мастацтва — і гэта амаль цалкам прайшло міма ўвагі беларускіх гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў.

Каментары9

  • Ну
    14.11.2025
    Нешта не зразумеў са скандаламі "праз вываз каштоўнасцяў" (з тым жа Радзівілам). Уласнікі маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі фактычна прадаюць сваю рухомую маёмасць, каторую яны здолелі вывезці перад прыходам бальшавікоў. У чым праблема?
  • Теренс
    14.11.2025
    Был шедевр,потом его не стало. Казалось бы - при чём здесь Лужков? Конечно,он совершенно не при чём,с вами был Сергей Доренко.
  • Ёсць праблема
    14.11.2025
    Ну, яны прадавалі маёмасць калі ўжо былі ў Польшчы, у бяспецы і з нейкай кар'ерай, што ўспрымалася палякамі як разбазарванне нацыянальных скарбаў.

Цяпер чытаюць

«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення12

«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення

Усе навіны →
Усе навіны

Расія КАБамі атакавала адну з галоўных дарог Харкава. Загінулі два чалавекі

Буданаў расказаў, колькі расіян мабілізавана ў 2025 годзе: «Яны перавыканаюць план»5

Як беларусы будуць працаваць і адпачываць у 2026 годзе. З'явіўся графік

Ізраіль першым прызнаў Самаліленд незалежнай дзяржавай1

Расійскае МЗС: Мы наблізіліся да дамоўленасці аб Украіне

Камандзір на мянушку «Юра Унітаз». Расійскія беспілотныя войскі можа ўзначаліць былы гандляр сантэхнікай6

Хлопец купіў за свой кошт навагоднюю ялінку і паставіў яе ў цэнтры пасёлка3

Вельмі дзіўнае ДТЗ — Volkswagen трыма коламі павіс у паветры4

У Лунінецкім раёне 68‑гадовы кіроўца аўтобуса збіў маладога мужчыну1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення12

«Размаўляў увесь час па-беларуску». Павел Севярынец запісаў свой першы зварот пасля вызвалення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць