Польскага доктара, які выдаліў беларусцы рэпрадуктыўныя органы, адхілілі ад працы
Польскага лекара з Познані Дарыюша С., які аперыраваў 24‑гадовую беларуску Вікторыю і выдаліў ёй маціцу і абодва яечнікі, адхілілі ад працы. Паводле інфармацыі польскіх СМІ, цяпер ён знаходзіцца ў адпачынку, не праводзіць аперацый і не кантактуе з пацыентамі, піша Most.
Ілюстрацыйнае фота
Прадстаўнік клінікі паведаміў, што такія меры прынятыя ў тым ліку дзеля «псіхалагічнага камфорту» лекара. Пры гэтым дакладныя тэрміны яго магчымага вяртання да працы не называюцца. Дырэктарка медустановы пацвердзіла, што доктар у адпачынку, але публічна не ўдакладніла, ці з’яўляецца гэта афіцыйным адхіленнем.
Цяпер абставіны аперацыі вывучае спецыяльная медыцынская камісія, створаная кіраўніцтвам клінікі. Яна аналізуе медыцынскую дакументацыю, каб высветліць, наколькі абгрунтаванымі былі дзеянні хірурга. Пасля праверкі будзе прынята рашэнне пра далейшае супрацоўніцтва з ім.
Гісторыя пачалася ў красавіку 2024 года, калі Вікторыя звярнулася да лекара з болямі ў жываце. Пасля абследавання яе шпіталізавалі і правялі аперацыю. Спачатку быў выдалены адзін яечнік з пухлінай, але затым лекар прыняў рашэнне выдаліць і другі яечнік разам з маціцай, матывуючы гэта падазрэннем на запушчаны рак.
Аднак пазнейшае патамарфалагічнае даследаванне паказала, што пухліна мела нізкую ступень злаякаснасці, а прагноз выжывання пры такіх выпадках вельмі высокі. Пасля аперацыі пацыентка звярнулася да юрыста, які паведаміў пра інцыдэнт у пракуратуру.
Следства прыйшло да высновы, што аперацыя магла быць неабгрунтаванай. Акрамя таго, высветлілася, што пацыентка не падпісвала згоды на ўмяшанне ў тым аб’ёме, у якім яно было праведзена, а ў медыцынскіх дакументах маглі быць недакладныя звесткі.
У лістападзе 2025 года доктару выставілі абвінавачанне ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пазней яно было перакваліфікавана ў наўмыснае. Калі суд прызнае яго вінаватым, яму пагражае ад 3 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У Брытаніі ўпершыню нарадзілася дзіця пасля перасадкі маткі ад памерлай донаркі
«Я цяпер цалкам іншы чалавек». Пісьменніца Святлана Курс пра рак і сваю філасофію жыцця