БЕЛ Ł РУС

Пуцін намякнуў, што можа сам перастаць пастаўляць Еўропе газ проста цяпер

5.03.2026 / 00:04

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін дапусціў магчымасць спынення паставак расійскага газу ў Еўропу, не чакаючы ўвядзення новых абмежаванняў з боку Еўрасаюза, паведамляе The Moscow Times.

Уладзімір Пуцін. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Адказваючы на пытанне прапагандыста Паўла Зарубіна, Пуцін адзначыў рост цэн на газ у Еўропе і заявіў, што гэта звязана не са скарачэннем аб’ёмаў паставак, а з павелічэннем колькасці пакупнікоў у іншых рэгіёнах на фоне крызісу на Блізкім Усходзе.

Са слоў Пуціна, калі з’яўляюцца больш выгадныя рынкі, то пастаўшчыкі натуральна пераарыентуюцца туды, дзе плацяць больш.

У гэтым кантэксце ён згадаў пра планы Еўрасаюза аб паступовым абмежаванні імпарту расійскага газу. Выдадзеныя ім прадпісанні прадугледжваюць забарону на пастаўкі звадкаванага прыроднага газу паводле кароткатэрміновых кантрактаў з красавіка 2026 года і паводле доўгатэрміновых — з пачатку 2027 года. Таксама з 2027 года плануецца поўная адмена імпарту трубаправоднага газу з Расіі.

Пуцін адзначыў, што калі пастаўкі ўсё адно будуць забароненыя ў найбліжэйшы час, то Расіі, на яго думку, магчыма, варта самастойна спыніць іх і перанакіраваць экспарт у краіны, якія лічацца надзейнымі партнёрамі.

Ён дадаў, што гэта толькі разважанне, і паведаміў пра даручэнне ўраду прапрацаваць пытанне пераарыентацыі паставак на іншыя рынкі.

Паводле аналітычных звестак, у 2025 годзе доля расійскага газу ў агульным імпарце ЕС склала каля 12%. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі газу ў Еўрасаюз застаюцца Нарвегія, ЗША і Алжыр. Раней Рада ЕС ухваліла план паэтапнай адмовы ад імпарту расійскага газу, якая павінна закончыцца да 2028 года.

Чытайце таксама:

У Катары праз спыненне паставак газу прыпынілі працу чатыры найбуйнейшыя прадпрыемствы

Новы прэм'ер Нідэрландаў выступіў супраць прынцыпу аднагалоснасці пры прыняцці рашэнняў ЕС

Расійскі газавоз атакаваны ў Міжземным моры. Яго стан безнадзейны

Іран абвясціў пра забарону руху праз Армузскі праліў

Трамп заявіў, што вайскоўцы ЗША могуць пачаць суправаджаць танкеры ў Армузскім праліве

Каментары да артыкула