БЕЛ Ł РУС

У Мінску знясуць прыватны сектар каля Свіслачы ў Серабранцы. Што будзе замест?

5.03.2026 / 23:39

Nashaniva.com

У Мінску канчаткова вызначылі лёс прыватнага сектара ў раёне Серабранкі побач са Свіслаччу. Рашэнне Мінгарвыканкама аб зацвярджэнні горадабудаўнічага праекта апублікавана на Нацыянальным прававым партале і ўжо ўступіла ў сілу. Дакумент прадугледжвае паэтапны знос сядзібнай забудовы на тэрыторыі былых вёсак Шэйпічы і Дворышчы, піша Blizko.by.

Фота: Realt.by

Гаворка ідзе пра ўчастак плошчай каля 286 гектараў паміж вуліцамі Дзянісаўскай і Якубава. Згодна з праектам, на месцы цяперашніх прыватных дамоў плануецца стварыць грамадскія прасторы, зоны адпачынку і прыродныя тэрыторыі.

Так, у раёне вуліцы Сямёнава на месцы сядзібнай забудовы мяркуецца размясціць пляцоўкі для адпачынку, спорту і забаў, а таксама правесці ўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі. У раёне вуліцы Шэйпічы дэталёвым планам прадугледжана будаўніцтва грамадскіх аб'ектаў.

Фота: Realt.by

Ва ўсходняй частцы ўчастка — побач з вуліцамі Якубава і Дворышчы — плануецца стварыць прыродны парк. Яго збіраюцца выкарыстоўваць для спакойнага адпачынку, прагулак, заняткаў спортам і роварных маршрутаў.

Рэалізацыя праекта будзе праходзіць у некалькі этапаў. На першым этапе, які разлічаны да 2027 года, плануецца ўпарадкаваць тэрыторыю будучага прыроднага парку з боку вуліцы Якубава. Пры гэтым сядзібную забудову ў раёнах вуліц Сямёнава, Шэйпічы і Дворышчы пакуль чапаць не будуць.

Асноўныя змены запланаваныя на другі этап рэалізацыі праекта, які павінен завяршыцца да 2030 года. У гэты перыяд плануецца знесці наяўны сядзібны жылы фонд — усяго 105 дамоў — і цалкам рэалізаваць праектныя рашэнні.

Згодна з дакументам, знос будзе адбывацца паэтапна. Спачатку пад трансфармацыю трапіць тэрыторыя былой вёскі Шэйпічы, затым работы пачнуцца ў Дворышчах, а на завяршальным этапе чарга дойдзе да вуліцы Сямёнава.

Акрамя таго, праект прадугледжвае развіццё транспартнай інфраструктуры. У прыватнасці, плануецца будаўніцтва трамвайнай лініі па праспекце Ракасоўскага і працяг руху трамваяў па вуліцы Якубава да вуліцы Малініна. Таксама прадугледжваецца перанос цяперашняга разваротнага трамвайнага кальца.

Чытайце таксама:

Як сёлета зменіцца Кастрычніцкі раён Мінска 

Мінчанцы, чый дом трапіў пад знос, прапануюць пераехаць з цэнтра ў Малінаўку ці Лошыцу. Яна супраць

Новыя дзіцячыя сады і паліклініка: што пабудуюць у Першамайскім раёне

Жыхары дамоў па вуліцы Сямёнава ў Мінску часова адстаялі сваё жыллё

Каментары да артыкула