У Беларусі прыдумалі, як рабіць жаночыя пракладкі з крухмалу
Беларускі брэнд Lino кампаніі «МедЛён» распрацаваў жаночыя гігіенічныя пракладкі, у якіх выкарыстоўваецца матэрыял на аснове бульбянога крухмалу. Распрацоўшчыкі імкнуліся стварыць сапраўды натуральны прадукт, які быў бы экалагічным і адначасова надзейным у выкарыстанні, піша «Мінская праўда».
Фота: medlen.by
Праблема заключалася ў тым, што нават «натуральныя» сродкі гігіены звычайна маюць у складзе пластык, які выкарыстоўваецца як воданепранікальны пласт. Менавіта з-за яго такія вырабы практычна не раскладаюцца ў прыродзе і могуць захоўвацца сотні гадоў. Таму тэхнолагі пачалі шукаць альтэрнатыву і звярнулі ўвагу на крухмал з кукурузы і бульбы, з якога можна атрымаць спецыяльны біяраскладальны палімер.
У працэсе вытворчасці крухмал праходзіць складаную апрацоўку і ператвараецца ў вельмі тонкую мембранную плёнку. Яна выконвае тую ж функцыю, што і поліэтылен, — абараняе ад працякання, але пры гэтым здольная раскладацца. У яе структуры ёсць мікраскапічныя поры: вадкасць праз іх не праходзіць, але пара можа выходзіць, таму матэрыял «дыхае» і не стварае парніковага эфекту для скуры.
Фота: medlen.by
Іншыя пласты вырабу таксама зроблены з натуральных матэрыялаў. Верхні пласт складаецца з сумесі бавоўны і лёну, які мае натуральныя антысептычныя ўласцівасці. Пры апрацоўцы сыравіны замест хлорнага адбельвання выкарыстоўваецца тэхналогія з актыўным кіслародам.
Падчас распрацоўкі ўзнікла нямала цяжкасцяў. Лён сам па сабе даволі цвёрды, таму яго давялося спецыяльна апрацоўваць і змешваць з бавоўнай, каб матэрыял стаў мяккім. Акрамя таго, палімеры з крухмалу больш крохкія за звычайны пластык, таму спецыялістам трэба было знайсці баланс паміж трываласцю і тонкасцю плёнкі, а таксама распрацаваць клейкі пласт, сумяшчальны з натуральнымі кампанентамі.
Фота: medlen.by
У выніку атрымалася прадукцыя, якая раскладаецца значна хутчэй за традыцыйныя аналагі. Матэрыялы на аснове крухмалу паступова ператвараюцца ў ваду, вуглякіслы газ і біямасу, таму менш шкодзяць навакольнаму асяроддзю. Так бульба, звыклая для беларускай кухні, знайшла нечаканае прымяненне ў сучасных экалагічных тэхналогіях.
Чытайце таксама:
Беларуска паставіла імплант у руку для кантрацэпцыі. Што гэта такое?
Як часта трэба купляць новыя трусы — адказ можа здзівіць
Што ўяўляюць сабой сухпайкі ў беларускім войску і за што іх крытыкуюць і хваляць?