БЕЛ Ł РУС

За два гады колькасць беларусаў з дазволам на жыхарства ў Літве скарацілася на 20%. Колькі ж засталося?

7.03.2026 / 16:30

Nashaniva.com

Колькасць грамадзян Беларусі з ДНЖ у Літве працягвае стабільна змяншацца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookbymedia

Па стане на 1 сакавіка 2026 года дзейны ДНЖ у Літве (любых тыпаў) маюць 49 778 грамадзян Беларусі. Максімум беларусаў з літоўскім дазволам на жыхарства было 1 красавіка 2024 года — 62 844 чалавек.

Скрыншот: migracija.lrv.lt

Такім чынам, за няпоўныя два гады беларусаў у Літве паменела на 13 066 чалавек, што складае больш за 20% ад паказчыкаў вясны 2024 года. За мінулы год скарачэнне склала 7 225 чалавек.

Пры гэтым варта адзначыць, што з гэтых амаль 50 тысяч грамадзян Беларусі з літоўскімі ДНЖ дэ-факта пражывае ў Літве нашмат менш. Рэч у тым, што беларусы ў Літве часцей за ўсё працуюць дальнабойшчыкамі.

Так, напрыклад, па стане на 2024 год амаль 25 тысяч грамадзян Беларусі працавалі там кіроўцамі-міжнароднікамі. Натуральна, што са скарачэннем агульнай лічбы колькасць дальнабойшчыкаў таксама можа змяншацца, але ў працэнтах яны ўсё адно могуць займаць каля 40-45% ад усіх беларусаў з ДНЖ у Літве. Тады на дальнабойшчыкаў прыходзілася каля 72% ад усіх працаўладкаваных беларусаў у Літве.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Спецыфіка працы ў іх такая, што хоць фармальна яны працуюць у Літве і маюць там рэгістрацыю, у самой краіне дальнабойшчыкі бываюць вельмі рэдка. Кіроўцы, як правіла, выконваюць рэйсы па іншых краінах Еўропы, а па вяртанні з кадэнцыі едуць адпачываць дадому ў Беларусь.

Пры гэтым крыху расце колькасць беларусаў з пастаянным дазволам на жыхарства. Калі год таму ў Літве было 3822 беларусы з нацыянальным ПМЖ і 75 з ПМЖ іншых краін Еўрасаюза, то цяпер такіх 3996 і 77 адпаведна (агулам плюс 176 чалавек)

* * *

Калі вы жывяце ў Літве, то можаце падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.

Вы проста перанакіруеце 1,2% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.

Вось падрабязная інструкцыя, я гэта зрабіць, калі вы працуеце ў Літве.

Калі вы працуеце ў Польшчы — то вам сюды

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула