У Германіі беларус на фуры трапіў у ДТЗ са стратамі 120 тысяч еўра
У нямецкім горадзе Штур, зямля Ніжняя Саксонія, адбылося ДТЗ з удзелам двух грузавікоў, адным з якіх кіраваў наш суайчыннік. Пра гэта паведамляе мясцовая паліцыя, піша сайт «Беларусь и мир».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: нямецкая паліцыя
Аварыя здарылася ў аўторак 3 сакавіка каля 9:30 раніцы на аўтабане А1, на ўчастку паміж развязкамі Штур і Брынкум. Праз маштабныя будаўнічыя работы на мосце Везербрук рух тут быў запаволены.
У нейкі момант 62‑гадовы кіроўца аднаго з грузавікоў быў вымушаны рэзка затармазіць. 33‑гадовы беларус на фуры, які ехаў за ім, не паспеў зрэагаваць і, нягледзячы на спробу ўхіліцца ўлева, рэзнуўся ў транспартны сродак ззаду.
Наш суайчыннік атрымаў нязначныя траўмы. Мужчыну аказалі меддапамогу на месцы, а затым на хуткай даставілі ў бальніцу, адкуль ён выпісаўся ў той жа дзень. Аднак цягач і паўпрычэп беларуса былі цалкам разбітыя. Тое ж адбылося і з паўпрычэпам 62‑гадовага кіроўцы, які застаўся цэлым.
Агульная шкода ў выніку склала прыкладна 120 тысяч еўра. Для разблакавання і ачысткі дарогі яе цалкам перацялі ў напрамку Гамбурга.
У выніку перакрыцця на аўтамагістралі ўзнік затор, у якім пазней, а 14:50, адбылося яшчэ адно ДТЗ — са смяротным вынікам.