Трамп: Цэны на нафту ўпадуць пасля знішчэння ядзернай праграмы Ірана
«Толькі дурні могуць думаць інакш!» — напісаў прэзідэнт ЗША.
Photo by Win McNamee/Getty Images
Цэны на нафту ўпадуць пасля ліквідацыі ядзернай пагрозы з боку Ірана, напісаў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
«Кароткатэрміновы рост цэн на нафту, які хутка пойдзе на спад пасля завяршэння ліквідацыі ядзернай пагрозы з боку Ірана, — гэта нікчэмна малая цана, якую Злучаныя Штаты Амерыкі і ўвесь свет плацяць за бяспеку і мір. Толькі дурні могуць думаць інакш!» — гаворыцца ў паведамленні.
Раніцай у панядзелак у Азіі нафта маркі Brent даражэла прыкладна на 20% — да 119 даляраў за бараль, а амерыканская нафта Nymex Light Sweet вырасла больш чым на 17% — да 106,77 даляра.
Ф’ючарсы на Brent з пастаўкай у маі на лонданскай біржы Intercontinental Exchange выраслі на 25% — да 116 даляраў за бараль.
На мінулым тыдні рынкі захоўвалі адносны спакой, хоць мільёны бараляў нафты і звадкаванага прыроднага газу аказаліся заблакаванымі ў Персідскім заліве з-за праблем з праходам праз Армузскі праліў.
Аднак эскалацыя ў выходныя, а таксама кадры разбурэння энергетычнай інфраструктуры як у Іране, так і ў краінах Персідскага заліва, выклікалі рэзкую трывогу на рынках.