Прыбытак Volkswagen упаў на 44%. Канцэрн скароціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі
Найбуйнейшы еўрапейскі аўтавытворца Volkswagen да 2030 года скароціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі, паколькі яго прыбытак упаў да самага нізкага ўзроўню з 2016 года — пасля выплаты падаткаў у 2025 годзе ён скараціўся прыкладна на 44%, піша Бі-бі-сі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Krisztian Bocsi/Bloomberg via Getty Images
Генеральны дырэктар прадпрыемства Олівер Блумэ паведаміў акцыянерам, што скарачэнні адбудуцца ў Германіі і закрануць усю групу: Volkswagen Group належаць некалькі іншых вядомых брэндаў, у тым ліку легкавікі Audi, Bentley, Lamborghini, Porsche, SEAT і Škoda, грузавікі MAN і Scania і матацыклы Ducati.
«Агулам, да 2030 года ў групе Volkswagen у Германіі будзе скарочана каля 50 тысяч працоўных месцаў, — напісаў Блумэ ў лісце акцыянерам у гадавой справаздачы кампаніі. — Мы працуем у прынцыпова іншых умовах».
Канцэрн заявіў, што падзенне прыбытку выклікана ўвядзеннем Злучанымі Штатамі імпартных мыт, жорсткай канкурэнцыяй з кітайскімі вытворцамі і высокімі выдаткамі на рэструктурызацыю ў сувязі з пераходам на вытворчасць электрамабіляў.
Volkswagen мае намер закрыць тры заводы ў Германіі і звольніць дзясяткі тысяч чалавек.
Кампанія прагназуе паляпшэнне сітуацыі ў наступным годзе, але яе фінансавы дырэктар Арно Антліц падкрэсліў, што ёй прыйдзецца засяродзіцца на «жорсткім» скарачэнні выдаткаў. Volkswagen ужо дасягнуў пагаднення з прафсаюзамі аб скарачэнні больш як 35 тысяч працоўных месцаў па ўсёй краіне «сацыяльна адказным чынам» да 2030 года, што дазволіць ашчадзіць каля 15 мільярдаў еўра.
Зніжэнне попыту ў Кітаі і тарыфы
Нароўні з іншымі нямецкімі аўтавытворцамі Volkswagen моцна пацярпеў ад зніжэння попыту на свае аўтамабілі ў Кітаі, які раней заставаўся найважнейшым рынкам. У той жа час кітайскія брэнды выходзяць на рынак Еўропы, узмацняючы ціск на еўрапейскіх вытворцаў.
Рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўвесці 25‑працэнтныя мыты на імпарт аўтамабіляў яшчэ больш пагоршыла сітуацыю.
У сваіх гадавых справаздачах Volkswagen паведаміў, што ягоны чысты прыбытак пасля выплаты падаткаў летась знізіўся з 12,4 мільярда еўра да 6,9 мільярда еўра. На 2026 год Volkswagen прагназуе базавую рэнтабельнасць на ўзроўні 4—5,5%.
Антліц папярэдзіў, што рэнтабельнасць групы «не з’яўляецца дастатковай у доўгатэрміновай перспектыве».
«Мы зможам дасягнуць гэтай мэты, толькі калі будзем працягваць жорстка скарачаць выдаткі», — сказаў ён.
На аўтапрам прыпадае каля 20% усёй прамысловай вытворчасці Германіі і 6% ВПП краіны. Індустрыя напрамую дае працу амаль 780 тысячам чалавек. З 2017 да 2023 года продажы VW знізіліся з 10,7 мільёна да 9,2 мільёна адзінак.
У чым прычыны крызісу: «электрычная рэвалюцыя» і высокія выдаткі
Паколькі краіны ЕС збіраюцца паступова адмовіцца ад аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання, вытворцам даводзіцца інвеставаць сотні мільярдаў еўра ў электрамабілі. Аднак чаканай аптымістамі «рэвалюцыі» пакуль не адбылося. У канцы 2023 года ў Германіі адмянілі субсідыі для пакупнікоў электрамабіляў, што прывяло да падзення іх продажу на 27%.
Акрамя таго, Германія застаецца самым дарагім месцам у свеце для вытворчасці машын (сярэдні тарыф у галіне — каля 5300 еўра на месяц). Уварванне Расіі ва Украіну і адмова ад таннага расійскага газу прывялі да рэзкага росту цэн энергіі. Вайна ЗША і Ізраіля супраць Ірана пагражае зрабіць гэтую праблему яшчэ больш вострай. Амерыканскія тарыфы і 10‑працэнтнае падзенне попыту ў Кітаі канчаткова падкасілі індустрыю.
Чытайце таксама:
Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША
Нямецкая эканоміка паламалася, а «плана Б» ні ў кога няма
Дызель можа перамагчы электрамабілі? Як еўрапейскі аўтапрам аказаўся на мяжы крызісу
Кітай упершыню стаў сусветным лідарам на рынку аўто. Як так атрымалася?