«Пытанне ў выхаванні моладзі». Міністр гандлю патлумачыў, чаму беларуская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі на ўнутраным рынку
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Артур Карповіч заявіў у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, што адной з галоўных прычын змяншэння дзелі беларускіх тавараў у раздробным гандлі з’яўляецца «свядомасць нашых людзей».
Артур Карповіч. Скрыншот з відэа
На думку міністра, праблема мае глыбокія карані і звязаная з выхаваннем. Міністр мяркуе, што многія людзі, асабліва моладзь, аддаюць перавагу вядомым сусветным брэндам, часам нават не задумваючыся:
«Тут глыбіннае пытанне. Тут пытанне ў выхаванні нашага малодшага пакалення, выхаванні нашых дзетак, выхаванні моладзі, якія часцяком аддаюць перавагу брэндам вядомым сусветным, не думаючы, што недзе гэта падробка, так. Вось гоняцца за модай».
Пры гэтым, паводле яго слоў, галоўным крытэрыем выбару павінна быць не назва брэнда або ярлык, а якасць, даступнасць і кошт тавару. Ён падкрэсліў, што важна, каб пакупнік, набыўшы, напрыклад, абутак беларускага вытворцы і пераканаўшыся ў яго якасці, у наступны раз зноў давяраў гэтаму вытворцу.
Артур Карповіч таксама адзначыў, што сам падтрымлівае беларускую прадукцыю і заклікае іншых рабіць тое ж самае. Дзеля дасягнення гэтай мэты ў краіне праводзіцца акцыя пад лозунгам «Кожная пятніца — роднае сваё!», да якой ужо далучыліся дзяржаўныя органы. Плануецца таксама запуск сацыяльнай рэкламы з удзелам дзяцей, каб фармаваць у грамадстве павагу да айчынных тавараў.
Міністр дадаў, што калі людзі купляюць беларускія тавары, грошы застаюцца ў краіне і працуюць на яе эканоміку — ідуць на заробкі, адукацыю, сацыяльную сферу і пенсіі. Калі ж пакупнікі бачаць хібы ў беларускіх таварах, яны, на яго думку, павінны паведамляць пра гэта вытворцам, каб тыя маглі палепшыць сваю прадукцыю.
Паводле звестак Белстата, у 2025 годзе доля беларускіх тавараў у рознічным тавараабароце зменшылася да 54,4% (на 2 працэнтныя пункты менш, чым у 2024 годзе). У сегменце харчовых тавараў яна склала 75,7% (на 0,6 працэнтнага пункта менш), а ў сегменце нехарчовых — 34,9% (на 2,4 працэнтнага пункта менш). Калі ж казаць пра дзесяцігоддзе з 2015 да 2025 года, то доля беларускіх тавараў скарацілася амаль на 15 працэнтных пунктаў.
Чытайце таксама:
Расійскія агуркі ў крамах каштуюць ужо танней за беларускія
«Гарызонт» выпусціў аранжавы ноўтбук як сімвал беларускай жанчыны
У Беларусі прыдумалі, як рабіць жаночыя пракладкі з крухмалу
«Блін беларускі, залятае ў рот не вузкі». Скандальны камісар Крываносаў зняўся ў дзіўнай рэкламе